ФУТУРАЛО́ГІЯ (ад лац. futurum будучыня + ...логія),
у шырокім сэнсе — агульная канцэпцыя будучыні Зямлі і чалавецтва; у вузкім сэнсе — галіна навук. ведаў, якая вывучае перспектывы сац. працэсаў, сінонім прагназіравання і прагностыкі. Тэрмін «Ф.» для абазначэння філасофіі будучыні прапанаваў у 1943 ням. сацыёлаг О.Флехтхейм. Асновы Ф. закладзены ў творах вучоных і пісьменнікаў аб розных аспектах будучыні чалавецтва (Ш.Рышэ, Э.Говард, Дз.І.Мендзялееў, К.Э.Цыялкоўскі, Г.Уэлс і інш.). Радыкальныя сац. змены і крызісы 20 ст., бурнае развіццё эканомікі, навукі і тэхнікі, глабалізацыя сусв. тэндэнцый і новыя геапаліт. зрухі выклікалі патрэбнасць у тлумачэнні ходу і перспектыў гіст. працэсу, прагназіраванні яго вынікаў. У 1960—70-я г. распрацаваны асн. канцэпцыі будучыні: індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства, «тэхнатроннай эры», «квітнеючага», «арганізаванага», «асветнага» і інш. грамадстваў. Футуралагічная арыентацыя грамадазнаўства прывяла да стварэння канцэпцый сац. змен у сацыялогіі (Т.Парсанс, Р.Мертан, А.Турэн, П.Штомпке і інш.), тэорый росту (эканам., сац., культ. і інш.), сац. развіцця і фарміравання новых сусв. сістэм (тэорыі новага сусв. парадку). З канца 1980-х г. на Захадзе тэрмін «Ф.» выцясняецца паняццем «даследаванне будучыні», але адначасова захоўвае сэнс сіноніма прагназіравання і прагностыкі, састаўной часткі сац., паліт., эканам. кіравання на аснове сучасных метадаў збору і апрацоўкі інфармацыі і прыняцця на іх аснове навукова апраўданых рашэнняў. У працах М.М.Майсеева, В.А.Коўды, М.У.Цімафеева-Расоўскага, М.М.Багалюбава і інш. паказваецца бесперспектыўнасць выкарыстання ядзернай зброі, несумяшчальнасць НТР з яе сац.-эканам. вынікамі. На першы план вылучаюцца праблемы экалогіі, гарманізацыі паліўна-энергет., матэрыяльна-сыравіннай, харч., дэмаграфічнай і інш. сфер (Д.Медаўс, Дж.Форэстэр і інш.). У 1970—80-я г. ў Ф. актыўна распрацоўваліся праблемы «новай цывілізацыі», вяліся пошукі новай парадыгмы сусв. тэорыі адаптацыі да сац. змен, шляхоў вырашэння сучасных глабальных праблем (А.Тофлер, Э.Шумахер і інш.). З канца 20 ст. вылучаюць 2 асн. кірункі футуралагічных даследаванняў: аптымістычны і песімістычны (тэорыі крызісаў і катастроф), якія падзяляюцца на шэраг школ і тэндэнцый: Ф. «паваротнай будучыні» (Т.Джонс, Б.Фулер, Г.Кан і інш.); Ф. гуманістычна арыентаваных прыродазнаўцаў (Д.Габар, К.Ф. фон Вайцзэкер), праектаванне мадэлей сусв. развіцця (С.С.Мендэловац, Дж.Бхагваці, А.Мазруі, Р.Катары, Р.Фальк); гуманіст. група — Рымскі клуб (Б. дэ Жувенель і інш.); амер. аптымістычны кірунак (Фулер, Дж.Макчэйл); сцыентычны прагнастычны кірунак (Кан, О.Хелмер, Г.Гордан), Камісія-2000 (пад кіраўніцтвам Д.Бела) і інш.
Літ.:
Бестужев-Лада И.В. Прогнозное обоснование социальных нововведений. М., 1993;
Яго ж Нормативное социальное прогнозирование: возможные пути реализации целей общества: Опыт систематизации. М., 1987;
Белл Д. Грядущее постиндустриальное общество: Пер. с англ. М., 1999;
Антонович И.И. После современности: Очерк цивилизации модернизма и постмодернизма. Мн., 1997;
Тоффлер Э. Футурошок: Пер. с англ. СПб., 1997;
Яго ж. Третья волна: Пер. с англ. М., 2002;
Новая постиндустриальная волна на Западе: Антология. М., 1999;
Валлерстайн И. Анализ мировых систем и ситуация в современном мире: Пер. с англ. СПб., 2001;
Данилов А.Н. Социология власти: Теория и практика глобализма. Мн., 2001.
А.М.Данілаў.
т. 16, с. 508