Ру́нуцца ’упасці (ад знямогі)’ (Мат. Маг.), польск. runąć ’упасці, грымнуцца’, рус. руни́ть ’хутка рабіць, есці’, серб. ру̏нути ’моцна ўдарыць’, славен. rúniti ’піхнуць, стукнуць’. Апошняе Бязлай (3, 207) выводзіць з прасл. *ruti ’піхаць, стукаць’, параўноўваючы з літ. ráuti ’вырываць, шчыпаць’, лат. raût ’тс’. Паводле Брукнера (468), да *ruxъ (гл. рух), параўн. рухнуць ’упасці’ (гл.). Скок (3, 172) атаясамлівае з rúniti (se) ’лушчыць, крышыць, зрываць (кветкі, лісты)’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рунь ’усходы, пасевы азімых культур’ (ТСБМ), рус. рунь ’усходы азімых восенню’, харв. run ’пасевы’ (njiva pod runom), польск. ruń ’рунь, усходы, збожжа’, якія лічацца другаснымі ад *runo (гл. руно2). Параўн. пераноснае значэнне польскага runo ’сукупнасць невялікіх кустоў, траў, зёлак, што пакрываюць глебу ў лесе’. (Борысь, 527–528; Скок, 3, 171). Іншыя версіі: сувязь з польск. runąć ’упасці, грымнуцца’ (Фасмер, 3, 518), гл. ру́нуцца; Мартынаў (Бел. лекс., 101) выводзіць з *rudnь у супастаўленні з літ. ruduõ ’восень’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)