Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста),
рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка, мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (Aurum),
Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.