Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́Р
(сапр. Рзаеў Анар Расул аглы; н. 14.3.1938, Баку),
азербайджанскі пісьменнік. Скончыў Азербайджанскі ун-т (1960). Першыя зб-кі апавяданняў «У чаканні свята» (1963), «Дождж скончыўся» (1968). Аўтар аповесці «Белы ліман» (1970), зб. апавяданняў і аповесцяў «Мала Насрэдзін—66» (1970), «Цэйтнот» (1989), сцэнарыяў мастацкіх фільмаў, нарысаў. Выкрываў раўнадушша, жорсткасць, эгаізм. Аповесці «Круг», «Юбілей Дантэ» (зб. «Круг», 1973) прысвечаны лёсу творчай інтэлігенцыі.
т. 1, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЗА́ТАЎ Расул Гамзатавіч
(н. 8.9.1923, с. Цада Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1959). Герой Сац. Працы (1974). Сын Г.Цадаса. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1950). Друкуецца з 1937. Першы паэт. зборнік «Любоў натхнёная і гнеў вогненны» (1943) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў «Нашы горы» (1947), «Год майго нараджэння» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Дагестанская вясна» (1955), «У гарах маё сэрца» (1959), «Высокія зоркі» (1962, Ленінская прэмія 1963), «І зорка з зоркаю гаворыць» (1964), «Пацеркі гадоў» (1968), «Востраў жанчын» (1983), «Кола жыцця» (1987), паэм «Размова з бацькам» (1953), «Гаранка» (1958), лірычнай аповесці «Мой Дагестан» (кн. 1—2, 1967—71), кн. «Вершы і паэмы» (1974), «Сказанні» (1975) і інш. Творчасць Гамзатава, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, адлюстроўвае жыццё горцаў, іх духоўны свет, звычаі. Яна адметная нац. каларытам, высокім лірызмам, нар. гумарам. На бел. мову творы Гамзатава перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Грачанікаў, С.Грахоўскі, А.Лойка, Я.Сіпакоў, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1980—82;
Бел. пер. — Высокія зоркі. Мн., 1972.
Літ.:
Дементьев В.В. Р.Гамзатов М, 1984.
т. 5, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)