Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЕ́ЯНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,
група рэдкіх элементаў, якія не ўтвараюць уласных мінералаў. У якасці ізаморфных прымесей ёсць у мінералах больш распаўсюджаных элементаў. Да Р.э. адносяцца рубідый, скандый, галій, індый, германій, талій, селен, тэлур, кадмій, бром, ёд, гафній. Атрымліваюць пры перапрацоўцы руд інш. элементаў ці з няруднай сыравіны (напр., попелу вуглёў, адходаў каксавання). З сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюць у тэхніцы.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,
сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.
Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯЛЕ́Ц (лац. Taurus),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркія зоркі Альдэбаран, Нат, Альцыёна і ξ Ц., адпаведна 0,8; 1,6; 2,9 і 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 125 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Ц. знаходзяцца 2 рассеяныязорныя скопішчы: Плеяды і Гіяды, а таксама магутная крыніца эл.-магн. выпрамянення — Крабападобная туманнасць. З тэр. Беларусі відаць увосень і зімой. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІХ І РАССЕ́ЯНЫХ ЭЛЕМЕ́НТАЎ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія змяшчаюць рэдкія элементы і рассеяныя элементы ў канцэнтрацыях, мэтазгодных для прамысл. здабычы. У буйных радовішчах рэдкія элементы ўтрымліваюцца ад некалькіх працэнтаў (ніобій, літый, берылій) да дзесяткаў працэнтаў (стронцый). Адрозніваюць руды, якія маюць у сабе гэтыя элементы ў выглядзе ўласна рэдкаметальных мінералаў (складаюць гал.прамысл. каштоўнасць), і руды, што змяшчаюць іх у выглядзе ізаморфных прымесей і здабываюцца спадарожна з пашыранымі металамі і неметаламі. Руды ўласна рэдкаметальных радовішчаў утвараюць комплексныя радовішчы, напр., рэдкаметальныя пегматыты змяшчаюць тантал, літый, берылій, часам цэзій, волава. Комплекснымі з’яўляюцца таксама і шматлікія рудныя мінералы (напр., лапарыт — крыніца здабычы танталу, ніобію, тытану, рэдкіх зямель). Радовішчы рэдкаметальных руд генетычна разнастайныя. Гал. аб’ёмы здабычы тытану, цырконію, танталу, ніобію, рэдкіх зямель і інш. звязаны з россыпамі і корамі выветрывання. Рассеяныя элементы здабываюць спадарожна пры комплекснай перапрацоўцы руд інш. карысных выкапняў і мінер. канцэнтратаў. Руды рассеяных элементаў — мінералы нефелін (рубідый, цэзій, галій), апатыт (стронцый, рэдкія землі), біятыт (літый, хром, рубідый, талій, галій), светлыя слюды, халькапірыт, кінавар, ільменіт, касітэрыт, вальфраміт, сфалерыт, галеніт і (інш. Паводле геахім. уласцівасцей рассеяных элементаў (халька-, літа-, сідэра-, аргана- і гідрафільных) вызначаюцца іх металагенія і прымеркаванасць да пэўных геолага-геахім. груп і тыпаў радовішчаў. Гл. таксама Берыліевыя руды, Літыевыя руды, Ніобіевыя руды, Танталавыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ ПАТО́КІ,
сукупнасці зорак, якія рухаюцца з аднолькавымі прасторавымі скарасцямі. Адрозніваюць вял. і малыя З.п. Супадзенне скарасцей руху паказвае на агульнасць паходжання зорак з дадзенага патоку.
Да малых З.п. адносяць некат. рассеяныязорныя скопішчы, напр., Гіяды, частка зорак сузор’я Вял. Мядзведзіцы. Зоркі аднаго і таго ж патоку не ўтвараюць значных згушчэнняў, займаюць на небе вял. вобласці і выяўляюцца па агульнасці іх скарасцей. Наяўнасць вял. З.п. — вынік вярчэння Галактыкі і выкліканых ім заканамернасцей руху зорак і адлюстраванне яе спіральнай структуры.