Расона (воз.) 2/295; 7/493; 9/121, 123 (к.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НА, Расонскае возера,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, на паўд.-зах. ускраіне г.п. Расоны. Пл. 2,38 км², даўж. 2,37 км, найб. шыр. 1,73 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 7,42 км. Пл. вадазбору 30,8 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 2—6 м, участкамі да 1 м, разараныя, на ПдЗ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. Пойма шыр. 80—500 м, забалочаная, парослая хмызняком. У цэнтры возера востраў пл. 1 га. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай ч. пясчанае. Моцна зарастае. Эўтрофнае. Мінералізацыя вады каля 190 мг/л, празрыстасць 0,8 м. Упадаюць 4 ручаі, выцякае р. Расонка.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Расонскае (воз.), гл. Расона

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Сядзібны дом пабудаваны памешчыкам Гласкам у стылі несапраўднай готыкі на беразе воз. Расона. Мураваны будынак складанай асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з рознавял. прамавугольных аб’ёмаў, гранёных эркераў, рызалітаў. Асн. 2-павярховы аб’ём завершаны ў цэнтры высокім ступеньчатым шчытом з люкарнай, да яго паўн. боку прылягае 3-ярусная вежа з поясам машыкуляў у завяршэнні, а паўд. — 1-павярховы аб’ём са ступеньчатым франтонам на тарцы. Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркульныя і лучковыя арачныя завяршэнні. Фасады аздоблены рустам, аркатурай, фрызамі, гранёнымі вежачкамі з зубцамі.

А.​М.​Кулагін.

Расонская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Расонскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Расона. За 170 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Дрэтунь на лініі Полацк — Невель. Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. 5,4 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552 як вёска Расоны («7 дымоў») у складзе Полацкага ваяв. ВКЛ. Уласнасць Ф.​І.​Корсака. З 1772 у Рас. імперыі ў Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У 1877 у вёсцы 12 дымоў. Працавалі прыватныя агульнаадук. вучылішчы (з 1866 жаночае, з 1869 мужчынскае), 2 царквы, карчма. У 1905 у Вазнясенскай вол. Полацкага пав У 1924 у Р. 135 ж., 26 двароў. У 1924—62 і з 1965 цэнтр Расонскага раёна, у 1924—30 і 1935—37 у Полацкай акрузе, з 1938 у Віцебскай вобл. 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Р. і раёне загубілі 3750 чал.; дзейнічала Расонскае патрыятычнае падполле; 19.9.1942 партызаны разграмілі ў Р. варожы гарнізон (гл. Расонскі бой 1942); цэнтр Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Вызвалены 12.7.1944 часцямі 2-га Прыбалт. фронту ў ходзе Рэчыцка-Дзвінскай аперацыі 1944. У 1944—54 у Полацкай вобл. З 14.7.1958 гар. пасёлак, у 1962—65 у Полацкім р-не.

Працуюць малочны і сценавых матэрыялаў з-ды, прамкамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, камбінат быт. паслуг; сярэдняя школа, 4 дашкольныя ўстановы, Дом школьніка, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, 2 паліклінікі. Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан. Магіла ахвяр фашызму, мемар. комплекс у гонар сав. воінаў і партызан, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі: на месцах знішчэння сав. людзей у 1941—42 і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад; вызвалення раёна ад ням.-фаш. захопнікаў. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), Расонская сядзіба.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКІ РАЁН.

Размешчаны на Пн Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 14,9 тыс. чал. (2000), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Расоны. Уключае 142 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Альбрэхтаўскі, Гарбачэўскі, Дварышчанскі, Заборскі, Клясціцкі, Краснапольскі, Марачкоўскі, Сакалішчанскі, Юхавіцкі, Янкавіцкі.

Тэр. раёна (б.ч.) у межах Полацкай нізіны, на У Нешчардаўскае ўзвышша. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, з асобнымі ўчасткамі марэнных град, 50% яе на выш. да 125 м, 45% — 125—170 м. Найвыш. пункт 224 м (на З ад в. Забор’е). Нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7,5 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 583 мм за год. Вегетац. перыяд 182 сут. Найб. р. Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда. Шмат азёр (27 рыбапрамысловых); найб. Нешчарда, Усвечча, Валоба, Сіньша, Расона, Дрысы, Межава, Межна, Шэвіна, Белае. Вадасховішча Клясціцкае на р. Нішча. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў (%): дзярнова-падзолістыя (55,4), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8), тарфянабалотныя (10,9). Пад лесам 71% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя. Пад балотамі 49% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы: Заборскі Мох, Юхавіцкі Мох, Расонскі Мох, Межна. На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Сіньша, Чырвоны Бор (часткова), біял.Фаміно. Ахоўныя тарфянікі: Вусце, Глаты, Круча Ждань.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 32,4 тыс. га, з іх асушаных 11,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 8 саўгасаў, 14 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжа, лёну, бульбы, кармавых культур. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўняны вугаль), харч. (цэльнамалочныя вырабы, казеін і інш.), кааператыўнай прам-сці, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі: Полацк—Апочка (Расія), Дзісна—Невель (Расія), Полацк—Расоны і інш. У раёне 7 сярэдніх школ-садкоў, 6 базавых (у т. л. 5 школ-садкоў), 2 пач. (у т. л. 1 школа-садок), 2 дзіцяча-юнацкія спарт., 2 муз. школы і школа мастацтваў, цэнтр пазашкольнай працы, 4 дашкольныя ўстановы, 19 клубаў, 21 б-ка, 3 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 11 фельч.-ак. пунктаў. Музей баявой садружнасці ў г.п. Расоны. Помнікі архітэктуры: паркі каля в. Двор Чарэпіта (пач. 20 ст.) і ў в. Казімірава (2-я пал. 19 ст.) Гіст. помнікі: замчышча «Сокал» ва ўрочышчы Сокал, за 1,5 км ад в. Кульнёва пры зліцці рэк Дрыса і Нішча; мемарыяльны комплекс героям вайны 1812 і Вял. Айч. вайны 1941—45 г. (1991) у в. Клясціцы. Выдаецца газ. «Голас Расоншчыны».

А.​І.​Герасімаў, Г.​С.​Смалякоў.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)