расні́чкі, -чак, адз. расні́чка, -і, ДМ -чцы, ж. (спец.).

Тонкія ніце- або шчацінкападобныя адросткі на паверхні клетак жывёл, раслін.

|| прым. расні́чны, -ая, -ае.

Раснічныя чэрві.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

расні́чкі, ‑чак; адз. раснічка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Тонкія ніце- або шчацінкападобныя адросткі па паверхні клетак жывёльных арганізмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Раснічкі 9/121

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

расні́чка

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. расні́чка расні́чкі
Р. расні́чкі расні́чак
Д. расні́чцы расні́чкам
В. расні́чку расні́чкі
Т. расні́чкай
расні́чкаю
расні́чкамі
М. расні́чцы расні́чках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

кінетабла́ст

(ад гр. kinetos = рухомы + -бласты)

арганоід, размешчаны ля асновы жгуціка або раснічкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),

атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.

Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГА́ЛЬНЫ ЭПІТЭ́ЛІЙ, раснічасты эпітэлій,

эпітэліяльная тканка ў жывёл і чалавека, клеткі якой маюць рухомыя раснічкі (дыферэнцыраваныя вырасты пратаплазмы). Высцілае паветраносныя шляхі, канал спіннога і жалудачкі галаўнога мозга, матачныя трубы, ч. мочапалавога тракту і інш. ў большасці шматклетачных жывёл і чалавека. Адна мігальная клетка мае да 500 раснічак, на іх знаходзяцца рэцэптары для гістаміну, глюкакартыкоідаў, цытакінаў і інш., частата калыханняў рэгулюецца адрэнарэцэптарамі і халінарэцэптарамі. Сінхронны рух раснічак утварае на паверхні эпітэліяльнага пласта хвалі і спрыяе перамяшчэнню вадкага асяроддзя са шчыльнымі часцінкамі ў ім (напр., вывядзенне пылавых часцінак з паветраносных шляхоў, перамяшчэнне яйцаклеткі ў некат. аддзелах палавой сістэмы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАГІ́ЧНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,

расліны і жывёлы, якія жывуць у тоўшчы вады і на яе паверхні (у пелагіялі). Падзяляюць на нейстон, нектон, планктон і плейстон. Адрозніваюць голапелагічныя арганізмы, што жывуць у пелагіялі ўсё жыццё, і мерапелагічныя, якія звязаны з пелагіяллю часова (планктонныя лічынкі донных жывёл, дарослыя асобіны донных жывёл, якія падымаюцца ў тоўшчу вады пры размнажэнні). Для П.а. характэрны прыстасаванні да жыцця ў пелагіялі: газавыя пузыры (у водарасцей, сіфанафор і інш.), плавальныя пузыры (у рыб); для руху — раснічкі ў прасцейшых і плаўнікі ў рыб; тарпедападобная форма цела у нектонных арганізмаў.

Раслінныя П.а. (фітапланктон) — асн. прадуцэнты арган. рэчываў у вадаёмах; яны забяспечваюць кормам астатніх водных жывёл.

т. 12, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),

падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.

Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМЕ́ЦЫІ (Paramecium),

туфелькі, род прасцейшых атр. роўнараснічных (або плёначнаротых) тыпу інфузорый. Каля 20 відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у прэсных, радзей у саланаватых водах. Найб. вядомыя бурсарыя (P. bursaria), туфелька залацістая (P. aurelia), туфелька хвастатая (P. caudatum). Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Для бурсарыі характэрны ўнутрыклетачны сімбіёз з аднаклетачнымі зялёнымі водарасцямі — зоахларэламі.

Даўж. да 0,3 мм. Цела падоўжана-авальнае, мае 3-слаёвую абалонку (пелікула). Раснічкі (10—15 тыс.) размеркаваны раўнамерна. У эктаплазме размешчаны трыхацысты (для абароны і нападу), у эндаплазме — ядры (макра- і мікрануклеусы), скарачальныя і стрававальныя вакуолі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам. Бясполае размнажэнне (дзяленне) чаргуецца з палавым працэсам (кан’югацыя). Выкарыстоўваюць ў біяхім., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях; корм для рыб. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)