Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,
від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.
Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.
На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.Агрызка, В.Ваткіна, В.Гантар, І.Лісоўская, В.Рабіновіч, Ю.Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕЎ (Яўген Дзмітрыевіч) (26.12.1913, Мінск — 30.12.1978),
бел.тэатр. мастак. Нар.маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). З 1933 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (з 1944 гал. мастак). Творчасці ўласцівы вобразнасць маст. мыслення, арыгінальнасць формы, рэжысёрскае бачанне сцэн. пляцоўкі, уменне выявіць рысы нац. спецыфікі твора, пачуццё сучаснасці. Аформіў спектаклі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка (1939), «Ірынка» К.Чорнага (1941), «Лес» (1940), «Позняе каханне» (1944) і «Багна» (1972) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Авадзень» паводле ЭЛ.Войніч (1948), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (абодва 1949), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950), «Простая дзяўчына» Губарэвіча (1952) і інш. Значнае месца ў творчасці займала афармленне спектакляў на тэму Вял.Айч. вайны: «Партызаны ў стэпах Украіны» А.Карнейчука. «Рускія людзі» К.Сіманава (абодва 1942), «Той, каго шукалі» А.Раскіна і М.Слабадскога (1943). Праўдай жыцця адметныя дэкарацыі да спектакляў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1951), «У пушчах Палесся» (1957) і «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П.Данілава (1960). Яскравасцю выяўл. мовы, выразнасцю кампазіцыі вызначаюцца дэкарацыі да спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча (1967) і інш. Глыбокім разуменнем сутнасці твора, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння вылучаюцца дэкарацыі пастановак «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка, «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Амністыя» М.Матукоўскага (1971), «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Апошняя інстанцыя» Матукоўскага (абедзве 1976) і інш. У т-ры імя Я.Купалы аформіў спектаклі «На крутым павароце» Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Талстога, «Гаспадар» І.Собалева (абодва 1961). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.
Літ.:
Карнач П. Я.Дз.Нікалаеў. Мн., 1975.
П.А.Карнач.
Я.Дз.Нікалаеў.Я.Нікалаеў. Дэкарацыя да спектакля «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. 1951.