Рапаківі, гл. Граніт

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),

парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ-ГО́РКА,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1983). За 300 м на Пн ад в. Укропенка Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун буйназярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,7 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,7 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 18 м³, маса каля 48 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЛІН-ВАЛУ́Н»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1990), у в. Арляны Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі (выбаргіт) з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,8 м, шыр. 1,5 м, выш. 4,2 м, у абводзе 11,2 м, аб’ём 9,3 м³, маса каля 25 т. Мае выразную клінападобную форму, якая ўтварылася пры знаходжанні ў актыўнай зоне лёду. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ-ВО́ЛАТ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1971). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Васявічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі. Даўж. 3,4 м, шыр. 2,5 м, выш. над паверхняй 1,5 м, глыб. залягання пад зямлёй каля 2 м, у абводзе 9,3 м, аб’ём 12 м³, маса каля 32 т. Прынесены ледавіком 200—120 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву.

В.​Ф.​Вінакураў.

Камень-волат каля в. Васявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,

помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. г. назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́НСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 800 м на ПнУ ад в. Мяжаны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун ружавата-шэрага граніту рапаківі з крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў і таблічак палявога шпату, зернямі цёмна-шэрага і чорнага кварцу. Даўж. 3,6 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 9,4 м, аб’ём 7,2 м³, маса каля 36 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м.

В.​Ф.​Вінакураў.

Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)