ГРА́ДУС РА́НКІНА,

адзінка тэрмадынамічнай тэмпературы. Абазначаецца °Ra. Роўны градусу Фарэнгейта. Апорныя тэмпературныя (рэперныя) пункты: абсалютны нуль (0 °Ra) і т-ра трайнога пункта вады (491,688 °Ra). Прапанаваны шатл. фізікам У.​Дж.​Ранкінам. Выкарыстоўваецца ў некат. краінах, напр., у ЗША, дзе вымяраюць т-ру па шкале Фарэнгейта. Гл. таксама Градус, Тэмпературныя шкалы.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НКІНА ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія пераўтвараецца ў работу (ці наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізабарных і двух адыябатных працэсаў. Ад Карно цыкла адрозніваецца тым, што падвод цеплаты да рабочага цела ажыццяўляецца пры пастаянным ціску і павышэнні т-ры. Распрацаваны У.​Дж.М.Ранкіным (разам з Р.​Клаўзіусам) як тэарэт. цыкл паравога рухавіка.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́НКІН, Рэнкін (Rankine) Уільям Джон Макуарн (5.7.1820, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 24.12.1872), шатландскі інжынер і фізік, адзін са стваральнікаў тэхн. тэрмадынамікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1853). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1838). Працаваў на буд-ве партоў і чыгунак. З 1855 праф. ун-та ў Глазга. Навук. працы па тэрмадынаміцы, малекулярнай фізіцы, тэорыі пругкасці і ваганняў. Разам з Р.Ю.Э.Клаўзіусам распрацаваў ідэальны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (гл. Ранкіна цыкл). Заклаў асновы тэорыі цеплавых машын, што працуюць ад нагрэтага паветра, вывеў формулу ккдз паравой машыны, прапанаваў адну з тэмпературных шкал (гл. Градус Ранкіна).

Літ.:

Радциг А.А. История теплотехники. М.; Л., 1936;

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУС (ад лац. gradus крок, ступень),

пазасістэмная адзінка вымярэння плоскага вугла (вуглавы градус), роўная ​1/90 прамога вугла. Абазначаецца °; дзеліцца на 60 мінут (60) або 3600 секунд (3600), 1° = 60 = 3600. Прамы вугал складае 90°, разгорнуты — 180°. Выкарыстоўваецца таксама для вымярэння дуг акружнасцей (разам з радыянам; поўная акружнасць роўная 360°).

2) Градус тэмпературны — агульная назва адзінак т-ры, што адпавядаюць розным тэмпературным шкалам. Адрозніваюць градусы шкалы Кельвіна (кельвін; К), градус Цэльсія (°C), градус Рэамюра (°R), градус Фарэнгейта (°F), градус Ранкіна (°Ra). 1 К = 1 °C = 0,8 °R = 1,8 °F = 1,8 °Ra.

3) У геадэзіі і астраноміі — адзінкі геадэзічнай даўгаты (двухгранны вугал паміж плоскасцямі 2 геадэзічных мерыдыянаў) і геадэзічнай шыраты (вугал у плоскасці мерыдыяна паміж 2 нармалямі да паверхні геоіда.

4) У розных галінах метралогіі — адзінка колькасці спірту ў растворах, таксама адзінкі жорсткасці вады, канцэнтрацыі солей, сернай к-ты (градус Баме), вязкасці вадкасці ў адносінах да вязкасці вады пры 20 °C (градус Энглера) і інш.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)