Рако́мсе ’быццам, як быццам’ (Сержп. Грам.), ракама́сь ’так-сяк, абы-як’ (Касп.), параўн. ст.-бел. ркомо ’як быццам, нібы’ (Ст.-бел. лексікон), польск. rzekomo ’маўляў; як быццам’. Дзеепрыслоўе ад ракці́ ’сказаць’ (гл. рэ́кнуць); элемент се (сь) паходзіць са зваротнай формы займенніка *sę (сѧ), параўн. мов‑ся ён и прав ’як быццам бы’ (Нас.), або з указальнага займенніка *sь, параўн. вось (< о‑сь), гл. Карскі 2-3, 71. Гл. таксама ракама́ту.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ракама́ту (rakamátu) ’нібы, быццам, лікам’ (Варл.). Відаць, у аснове слова прыслоўе ад рэкці ’сказаць’ (гл. рэ́кнуць) — *ракама́ ’кажучы’, параўн. рако́мсе ’быццам’ (гл.), ст.-бел. ркомо ’як быццам, нібы’ (Ст.-бел. лексікон), у той жа функцыі маўляў (гл.), ст.-рус. рьци, польск. rzekomo ’моў, маўляў’; канец слова ўзыходзіць да ўказальнага займенніка *tъ (гл. тут).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)