Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Ражкоўка (в., Камянецкі р-н) 5/363 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНІ́ЦА,
збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в.Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.
А.І.Лакотка.
Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Званіца ў в.Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в.Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.
Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.
Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в.Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл.Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.
Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.