Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЫ КО́ЗІМА [Piero di Cosimo; сапр.П’ера ды Ларэнца (Piero di Lorenzo); 1462, г. Фларэнцыя, Італія — 1521],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Філіпіна Ліпі, Леанарда да Вінчы і Х. ван дэр Гуса. Творам, у якіх пераважалі фантастычна-міфалагічныя сцэны, уласціва паэт.-казачнае адчуванне прыгажосці свету, вытанчаная стылізацыя маст. форм, спалучэнне цікавасці да натуры з некат. манернасцю вобразаў: «Венера і Марс», «Персей і Андрамеда», «Вакханалія», «Бітва кентаўраў і лапіфаў», «Смерць Пракрыды», «Сустрэча Марыі з Лізаветай», «Заручыны Лізаветы», «Марыя Магдаліна», «Святая сям’я», «Мадонна з голубам», «Партрэт Сіманеты Веспучы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЭ́ЛА ФРАНЧЭ́СКА (Piero della Francesca; каля 1416, г. Сансеполькра, Італія — пахаваны 12.10.1492),
італьянскі жывапісец, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Мазачыо, Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і нідэрл. мастацтва. У 1439 быў памочнікам Даменіка Венецыяна ў Фларэнцыі. Працаваў пераважна ў Сансеполькра і Урбіна, а таксама ў Ферары, Рыміні, Рыме, Арэца. Адзін з першых звярнуўся да лінейнай перспектывы ў жывапісе. Творы вызначаюцца веліччу вобразаў, аб’ёмнасцю форм, празрыстасцю каларыту: фрэскі «Сіджызмонда Малатэста перад сваім святым патронам» у царкве Сан-Франчэска ў Рыміні (1451), «Гісторыя жыватворнага крыжа» ў царкве Сан-Франчэска ў Арэца (цыкл, 1452—66), «Мадонна дэль Парта» ў капэле дэль Чымітэра ў Мантэркі (пасля 1460), паліпціх «Мадонна дэла Мізерыкордыя» (1450—62); карціны «Святы Іеранім» (1450), «Хрышчэнне Хрыста» (1450—55), «Бічаванне Хрыста» (каля 1455—60), «Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра (каля 1472—74), «Мадонна са святымі і герцагам Урбінскім» (каля 1472—75), «Раство» (каля 1475); партрэты герцага Урбінскага Федэрыга да Мантэфельтра і яго жонкі (каля 1465) і інш. Аўтар тэарэт. трактатаў «Аб перспектыве ў жывапісе» (да 1482), «Кніжыца аб пяці правільных целах» (пасля 1482).
Л.Ф.Салавей.
П’ера дэла Франчэска. Мадонна са святымі, анёламі і Федэрыга да Мантэфельтра. Каля 1472—74.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
БРЭ́РА (Brera), Пінакатэка Брэра,
карцінная галерэя ў Мілане, адна з буйнейшых у Італіі. Засн. ў 1809. Уключае зборы твораў італьян. жывапісу 14-—19 ст., у т. л. карціны А.Ларэнцэці, А.Мантэньі, П’ера дэла Франчэскі, Джэнтыле і Джавані Беліні, Рафаэля, Я.Тынтарэта, М.Караваджа, майстроў школы Леанарда да Вінчы, галерэю ламбардскіх фрэсак 15—16 ст., а таксама калекцыю еўрап. жывапісу 15—17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УФІ́ЦЫ,
адна з буйнейшых карцінных галерэй Італіі. Размешчана ў г. Фларэнцыя, у будынку, узведзеным для ўрадавых канцылярый (1560—85, арх. Дж.Вазары і Б.Буанталенці). Засн. ў 1575 на базе калекцый роду Медычы. Захоўвае багацейшы ў свеце збор італьян. жывапісу 13—18 ст., у т. л. работы Дуча, Джота, Учэла, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Тыцыяна і інш., творы ант. мастацтва, большасці школ еўрап. жывапісу, унікальны збор аўтапартрэтаў еўрап. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНК (франц. franc),
1) грашовая адзінка Францыі (да 2002). Раўнялася 100 сантымам. Уведзены ў 1799 замест ліўра. З 1803 у абарачэнні былі залаты Ф. і сярэбраны, з 1876 толькі залаты, з 1936 толькі банкноты. У 1960 пры дэнамінацыі ўведзены новы Ф. Франц. Ф. да 2002 быў грашовай адзінкай Андоры, Гвіяны, Манака, Марцінікі, Рэюньёна, Сен-П’ера і Мікелона.
2) Грашовая адзінка Бельгіі і Люксембурга (да 2002), Швейцарыі.
3) Грашовая адзінка Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габона, Гвадэлупы, Гвінеі, Джыбуці, Камеруна, Конга, Кот-д’Івуара, Мадагаскара, Малі, Нігера, Руанды, Сенегала, Тога, Цэнтральнаафр. Рэспублікі, Чада, Экватарыяльнай Гвінеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГАЛЕРЭ́Яў Лондане,
адзін з лепшых у свеце збораў зах.-еўрап. жывапісу. Засн. ў 1824 на аснове калекцыі Дж.Дж.Ангерстайна. Захоўвае калекцыі еўрап. школ жывапісу розных часоў, у т. л. шэдэўры Дж.Беліні, Д.Веласкеса, Г.Гольбейна Малодшага, Т.Гейнсбара, В. ван Гога, Ф.Гоі, Дуча ды Буанінсеньі, Дж.Констэбла, Леанарда да Вінчы, П’ера дэла Франчэскі, П.Сезана, Тыцыяна, Рэмбранта, П.Учэла, У.Хогарта, Я. ван Эйка і інш. Будынак галерэі пабудаваны ў 1830-я г. ў стылі класіцызму (арх. У.Уілкінс).
Літ.:
Кузнецова И.А. Национальная галерея в Лондоне. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НІКА ВЕНЕЦЫЯ́НА (Domenico Veneziano; да 1410, г. Венецыя, Італія — 15.5.1461),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, напэўна, у Венецыі, з 1439 працаваў у Фларэнцыі (першым увёў тэхніку алейнага жывапісу). Пераадолеўшы традыцыі познагатычнага жывапісу, у сваіх сталых творах («Алтар св. Лучыі», каля 1445—48), паказаў сябе майстрам перспектывы і пластычнай перадачы аб’ёму. У адрозненне ад тагачасных мастакоў фларэнційскай школы жывапісу, аддаваў перавагу каларыстычным задачам, выкарыстоўваў колеравую гаму для перадачы эмацыянальных адценняў — серабрысты тон у яго карцінах стварае адчуванне святла і прасторы («Дабравешчанне»). Урачыстасць арнаментацыі і выразнасць контурных ліній удала спалучаліся ў кампазіцыйнай форме профільнага паяснога партрэта («Партрэт маладой жанчыны», каля 1450). Сярод яго вучняў П’ера дэла Франчэска.
Даменіка Венецыяна. Алтар св. Лучыі. Каля 1445—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СА (Cossa) Франчэска дэль (каля 1436, г. Ферара, Італія — каля 1478),
італьянскі жывапісец эпохі Ранняга Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у К.Туры. Зазнаў уплывы А.Мантэньі і П’ера дэла Франчэска. Адзін з буйнейшых мастакоў ферарскай школы жывапісу. Яго фрэскам у замку Скіфаноя ў Ферары (1469—70) уласцівы свежасць успрыняцця свету, гучнасць каларыту. Пісаў карціны прыдворнага жыцця герцагаў д’Эстэ, дзе алегарычныя кампазіцыі перамяжоўваюцца са сцэнамі сялянскага жыцця ў сімвалічных выявах месяцаў года. Творам характэрны выразнасць контураў, вял. ўвага да быт. дэталяў, арнаментыкі, элементаў ант. архітэктуры («Дабравешчанне», «Іаан Хрысціцель», алтар для капэлы Грыфоні ў царкве Сан-Петроніо ў Балонні, каля 1473; «Мадонна са святымі і данатарам» 1474; і інш.).