ПІТЭ́АС (Pytheas),
Піфей (4 ст. да н.э.), старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ. Нарадзіўся ў грэч. калоніі Масалія (цяпер г. Марсель, Францыя). Паміж 350 і 320 да н.э. праплыў з Масаліі праз Гібралтарскі праліў уздоўж. зах. і паўн. берагоў Еўропы. Адкрыў а-вы Зеландыя, Вялікабрытанія і Ірландыя, п-вы Брэтань і Скандынаўскі, моры Паўн. і Ірландскае, праліў Катэгат і Біскайскі заліў, апісаў прыроду і насельніцтва в-ва Вялікабрытанія, які назваў Брытаніяй. Вызначыў сувязь паміж рухам Месяца і прыліўна-адліўнымі з’явамі акіяна, вылічыў нахіл плоскасці экліптыкі да плоскасці нябеснага экватара.
Літ.:
Авадяева Е.Н., Зданович Л.И. 100 великих мореплавателей. М., 1999;
Верн Ж. Проклятое золото: Пер. с фр. Гродно, 1994.
М.К.Багадзяж.
т. 12, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФЕ́Й,
старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ 4 ст. да н.э.; гл. Пітэас.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,
сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р. Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.Хейзен, Г.Менард, Г.Б.Удзінцаў і інш., 1955—62).
т. 4, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)