пірамі́да

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. пірамі́да пірамі́ды
Р. пірамі́ды пірамі́д
Д. пірамі́дзе пірамі́дам
В. пірамі́ду пірамі́ды
Т. пірамі́дай
пірамі́даю
пірамі́дамі
М. пірамі́дзе пірамі́дах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

пірамі́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, -мі́д, ж.

1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік, а астатнія грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.

2. Вялікае каменнае збудаванне такой формы — грабніца фараонаў у Старажытным Егіпце.

3. Група складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе.

Вінтоўкі ў пірамідзе.

4. Гімнастычная або акрабатычная фігура ў форме піраміды з групы людзей.

5. Станок для захоўвання вінтовак (спец.).

6. Гульня на більярдзе, пры якой шары складваюцца ў выглядзе трохвугольніка і пры дапамозе кія ўдарным шаром разбіваюцца і заганяюцца ў лузы.

|| прым. пірамі́дны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пірамі́да ж., в разн. знач. пирами́да;

чатырохгра́нная п. — четырёхгра́нная пирами́да;

егі́пецкія ~ды — еги́петские пирами́ды;

фізкульту́рнікі пастро́ілі ~ду — физкульту́рники постро́или пирами́ду

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Піраміда 8/447

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

пірамі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік або трохвугольнік, а бакавыя грані — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй. Трохвугольная піраміда.

2. Вельмі вялікае каменнае збудаванне з чатырохвугольнай асновай і трохвугольнымі бакавымі паверхнямі, вяршыні якіх ўтвараюць востры вугал, якое служыла грабніцай фараонам у Старажытным Егіпце. Старажытныя егіпцяне без дапамогі вежавых кранаў будавалі піраміду Хеопса, якая да гэтага часу лічыцца адным з сямі цудаў свету. Шыцік.

3. Куча складзеных прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе. Побач былі складзены піраміды пяціпудовых бомб. «Маладосць». З левага боку ля сцяны ложак з пірамідаю падушак, засланы коўдрай-перабіранкай. Палтаран.

4. Акрабатычная фігура з групы людзей, якія становяцца адзін аднаму на плечы. Апошнім нумарам паказвалі піраміду. Удзельнічала дванаццаць чалавек. Нядзведскі.

5. Адзін з найбольш распаўсюджаных відаў більярднай гульні ў 16 шароў. // Трохвугольнік з більярдных шароў, які складваецца ў пачатку гульні.

6. Станок для захоўвання вінтовак, а таксама вінтоўкі, састаўленыя ў кучку, звужаную ўверсе. Да бляску начысцілі кулямёты і вінтоўкі; яны зараз так спакойна і мірна дрэмлюць у пірамідах. Каваль.

[Грэч. pyramis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пірамі́да ж. тс. матэм. Pyramde f -, -n;

пра́вільная пірамі́да reguläre Pyramde

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ПІРАМІ́ДА [ад грэч. pyramis (pyramidos)],

мнагаграннік, аснова якога — многавугольнік, а бакавыя стораны — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй.

Па колькасці вуглоў асновы адрозніваюць П. трох-, чатырохвугольныя і г.д. Аб’ём П. V = S h , дзе S — плошча асновы, h — вышыня (перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні на плоскасць асновы). П. наз. правільнай, калі ў аснове правільны многавугольнік, а вышыня праходзіць праз цэнтр асновы. Калі П. перарэзаць плоскасцю, паралельнай аснове, атрымаюцца 2 часткі: П., падобная на дадзеную, і ўсечаная П, аб’ём якой V = h ( S1 + S1 S2 + S2 ) , дзе S1 і S2 — плошчы асноў.

Піраміда: а — адвольная; б — правільная; в — усечаная.

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАМІ́ДА,

манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс. чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн. буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл. гл. таксама да арт. Егіпет Старажытны.

Літ.:

Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;

Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.

Я.​Ф.​Шунейка.

Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).
Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).

т. 12, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пірамі́да

(гр. pyramis, -idos, з егіп.)

1) мнагаграннік, асновай якога з’яўляецца многавугольнік, а астатнімі гранямі — трохвугольнікі з агульнай вяршыняй;

2) грабніца фараонаў у Стараж. Егіпце ў выглядзе каменнага збудавання з чатырохвугольнай асновай і злучанымі ўверсе бакавымі гранямі;

3) акрабатычная фігура ў форме піраміды з групы людзей;

4) куча прадметаў, якая мае шырокую аснову і звужаецца ўверсе;

5) станок для захоўвання вінтовак, а таксама вінтоўкі, састаўленыя ў кучку, завужаную ўверсе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Хеопса піраміда 1/469; 4/375; 8/447

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)