Пячоры 8/669; 10/16

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РЫ,

прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл. Карст).

П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл. Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.​Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л. сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.

Літ.:

Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.

Р.​Р.​Паўлавец.

Пячора. Пастойнска-Яма ў Славеніі.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛСБА́ДСКІЯ ПЯЧО́РЫ (Carlsbad Caverns),

карставыя пячоры ў ЗША (штат Нью-Мексіка), у гарах Гуадалупе (паўд. ч. Скалістых гор), на ПдЗ ад г. Карлсбад. Буйнейшыя ў свеце па аб’ёме гротаў, з вял. сталагмітамі. Глыб. 313 м, агульная даўж. ўсіх праходаў і залаў каля 33 км. Месцазнаходжанне калоній кажаноў (11 відаў). З 1930 нац. парк. Турызм.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,

група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пячо́ра

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. пячо́ра пячо́ры
Р. пячо́ры пячо́р
Д. пячо́ры пячо́рам
В. пячо́ру пячо́ры
Т. пячо́рай
пячо́раю
пячо́рамі
М. пячо́ры пячо́рах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

катако́мбы, -аў, адз. -а, -ы, ж.

Падзямеллі, пячоры з вузкімі і доўгімі хадамі [першапачаткова служылі сховішчам для першых хрысціян у Старажытным Рыме].

|| прым. катако́мбны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спелео́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Той, хто займаецца спелеалогіяй як спецыяліст або аматар.

Спартсмен-с. абследуе пячоры са спартыўна-турысцкімі мэтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пячо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пячоры. Пячорнае скляпенне. Пячорная цемра. // Які жыве ў пячоры. Пячорныя жывёлы. // Які знаходзіцца ў пячоры. Пячорнае возера.

2. Які адносіцца да перыяду, калі людзі жылі ў пячорах. Пячорны чалавек. Пячорны перыяд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячо́ра, -ы, мн. -ы, -чо́р, ж.

Пустая прастора пад зямлёй або ў горным масіве, якая мае выхад на паверхню.

Сталактытавыя пячоры.

|| прым. пячо́рны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

карст, -у, М -сце, м. (спец.).

Сукупнасць з’яў, звязаных з растварэннем прыроднымі водамі горных парод і ўтварэннем у іх пячор, правалаў, паглыбленняў і інш.

|| прым. ка́рставы, -ая, -ае.

Карставыя ўтварэнні.

Карставыя пячоры.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)