ПЯЧО́НАЧНЫЯ ІМХІ́.

пячоначнікі (Marchantiopsida або Hepaticopsida), клас мохападобных. 2 падкл.: маршанцыевыя імхі і юнгерманіевыя імхі. Каля 60 сям., каля 300 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 85 відаў з 43 родаў, 26 сямействаў. Найб. вядомыя маршанцыя, рычыя, блазія, пелія, прэйсія, рыкардыя, рычыякарпус. Растуць пераважна ў вільготных і забалочаных лясах (асабліва ельніках), на кары дрэў, глебе, гнілой драўніне, камянях, на паверхні або ў тоўшчы вады, на агародах і палетках.

Слаявінныя або лістасцябловыя расліны памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў. Рызоіды аднаклетачныя, ніткападобныя. Гаметафіт мае слаявінную або лістасцябловую форму разнастайнай будовы. Антэрыдыі акруглыя або прадаўгаватыя, на ножцы. Архегоніі размешчаны на асобных бакавых ці брушных галінках. П.м. — першасныя глеба- і торфаўтваральнікі, ахоўваюць глебу ад эрозіі; часам — пустазелле.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;

Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978;

Рыковский Г.Ф. Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пячо́начны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. пячо́начны пячо́начная пячо́начнае пячо́начныя
Р. пячо́начнага пячо́начнай
пячо́начнае
пячо́начнага пячо́начных
Д. пячо́начнаму пячо́начнай пячо́начнаму пячо́начным
В. пячо́начны (неадуш.)
пячо́начнага (адуш.)
пячо́начную пячо́начнае пячо́начныя (неадуш.)
пячо́начных (адуш.)
Т. пячо́начным пячо́начнай
пячо́начнаю
пячо́начным пячо́начнымі
М. пячо́начным пячо́начнай пячо́начным пячо́начных

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

пячо́начны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пячоначніку, пячоначніка. Пячоначныя мхі.

пячо́начны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да печані, пячонкі. Пячоначныя пратокі. Пячоначныя глісты. // Прыгатаваны з печані, пячонкі (у 1 знач.). Пячоначны паштэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́чань, -і, ж.

Стрававальная залоза ў жывёл і чалавека, якая выпрацоўвае жоўць, удзельнічае ў працэсах стрававання, кровазвароту і абмену рэчываў.

|| прым. пячо́начны, -ая, -ае.

Пячоначныя пратокі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПЯЧО́НАЧНІКІ,

клас мохападобных, тое, што пячоначныя імхі.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

печёночныйII пячо́начны;

печёночные мхи бот. пячо́начныя мхі, пячо́начнікі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

МОХАПАДО́БНЫЯ (Bryophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. Каля 27 тыс. відаў. 3 класы: антацэротавыя імхі, пячоначныя імхі, лістасцябловыя імхі. Вядомыя з карбону. Пашыраны ўсюды. Растуць на прыродных (глеба, камяні, кара дрэў і кустоў, лісце і сцёблы раслін, слаявіна лішайнікаў, пладовыя целы грыбоў) і антрапагенных (розныя збудаванні з каменю, цэменту, дрэва, саломы, на палях і агародах) субстратах. Уваходзяць у склад першасных раслінных згуртаванняў, уплываюць на мікраклімат, рэгулююць водны рэжым, ахоўваюць глебу ад эрозіі з’яўляюцца торфа- і глебаўтваральнікамі, садзейнічаюць забалочванню с.-г. угоддзяў, пагаршаюць якасць лугоў. На Беларусі каля 430 відаў.

Невял. (ад 1 мм да некалькіх сантыметраў) пераважна шматгадовыя расліны. Вегетатыўнае цела (падзеленае на сцябло і лісце або ў выглядзе слаявіны) прымацоўваецца да субстрату рызоідамі. У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт; спарафіт абмяжоўваецца спораўтварэннем, прымацаваны да гаметафіту і поўнасцю або часткова паразітуе на ім. У цыкле развіцця адзначаецца правільнае чаргаванне пакаленняў (спарафіта і гаметафіта), развіта таксама вегетатыўнае размнажэнне (ч. цела ці спецыялізаванымі органамі). У залежнасці ад размяшчэння генератыўных органаў бываюць аднадомныя, двухдомныя і шматдомныя. Сляпая галіна развіцця вышэйшых раслін. Вывучае М. брыялогія.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 4. Мхи, плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;

Рыковский Г.Ф. Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)