ПЯТРА́ЕЎ (Аляксандр Акімавіч) (22.11.1925, в. Галакціёнава Краснаярскага краю. Расія — 30.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1944. Механік-вадзіцель танка Т-34 ст. сяржант П. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні г. Барысаў: экіпаж танка ў складзе камандзіра П.М.Рака, радыста А.І.Данілава і П. прарваўся ў заняты ворагам горад, 17 гадз вёў бой, разграміў ням. камендатуру, штаб, падбіў 2 танкі, вызваліў 200 ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве пастаўлены помнік экіпажу.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́ЕЎ (Яўген Пятровіч) (н. 11.11.1931, г. Алматы, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі і радыяхіміі. Д-р хім. н. (1974), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954). З 1954 у Радыевым ін-це (г. Ленінград). У 1968—95 у БДУ (заг. кафедры, адначасова ў 1981—85 прарэктар, з 1986 заг. лабараторыі радыяхіміі). Навук. працы па радыяцыйнай хіміі арган. злучэнняў, геахіміі радыеактыўных элементаў, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваў метад вызначэння каниэнтрацыі «гарачых» часціц (дробнадысперснага ядз. паліва) у лёгкіх чалавека і ўстанавіў яе карэляцыю з забруджанасцю тэрыторыі плутоніем.

Тв.:

Радиационно-химическая очистка сточных вод и выбросных газов. Мн., 1985 (разам з В.​І.​Уласавай, І.​А.​Савушкіным);

Радиационная химия бифункциональных органических соединений. Мн., 1986 (разам з А.​І.​Шадырам).

А.А.Пятраеў.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пятраеў П. А. 9/298

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пятраеў Я. П. 12/470

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пятраеў А. А. 4/137; 8/658; 9/79

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ САЮ́З (БЭС, БелЭкаС),

добраахвотная грамадская арг-цыя, якая ставіць за мэту актывізацыю прыродаахоўнай дзейнасці грамадзян, прадпрыемстваў, устаноў, аб’яднанне іх намаганняў для захавання экалагічнай раўнавагі і паляпшэння асяроддзя пражывання насельніцтва Беларусі. Засн. 3.4.1989 у Мінску. Прэзідэнт Б.​П.​Савіцкі, віцэ-прэзідэнты Р.​Г.​Гарэцкі, Я.​П.​Пятраеў, Л.​Р.​Тарасенка. Больш за 5 тыс. членаў (з 1995). Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (праводзіцца адзін раз у 3 гады).

т. 2, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)