Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъ ’бурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рыхтавацца 1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Рабіць усё неабходнае для правядзення, здзяйснення чаго‑н.; прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення чаго‑н. Рыхтавацца ў дарогу. Рыхтавацца да зімы. ▪ Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін. Масква рыхтуецца да свята. Вясёлы гоман галасоў, Разгорнутыя транспаранты, Гірлянды залатых агнёў... Танк. Мы рыхтаваліся ўцякаць удвух з Жарнаком, і толькі з ім гаварылі аб гэтым сур’ёзна. Брыль. // Вывучаць што‑н., працаваць над чым‑н. з мэтай падрыхтоўкі да якой‑н. дзейнасці. Рыхтавацца да экзаменаў. Рыхтавацца да паступлення ў інстытут. Рыхтавацца да лекцыі. ▪ За сваё жыццё Святлана правяла ўжо не адну тысячу ўрокаў, і рыхтавацца ёй да іх было лёгка. Шахавец.

2. Быць, знаходзіцца ў стане або працэсе падрыхтоўкі. Рыхтавалася ў лесе база, з якой павінен быў дзейнічаць атрад. Чорны. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці. Колас.

3. Зал. да рыхтаваць.

рыхтавацца 2, ‑туецца; незак.

Зал. да рыхтаваць 2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

gallant

[ˈgælənt]

1.

adj.

1) высакаро́дны, му́жны; адва́жны

2) ве́лічны; урачы́сты

3) прыго́жы, пы́шны

4) [gəˈlænt] галя́нтны, даліка́тны; любо́ўны

gallant adventures — любо́ўныя прыго́ды

2.

n.

1) адва́жны, му́жны чалаве́к

2) фарсу́н -а́ m., франт -а m.

3) кавале́р -а m.

4) залётнік -а m.

to play the gallant — фліртава́ць; заляца́цца

3.

v.t.

1) заляца́цца

2) суправаджа́ць

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)

Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг. высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. веселий, рус. весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус. веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск. wesoły (ст.-польск. wiesioły), н.-луж. wjasoły, в.-луж. wjesoły ’вясёлы’, чэш. veselý ’тс’, валаш. veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар. veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац. veselý ’вясёлы’, славен. vesę̑ł ’тс’, серб.-харв. ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг. весел ’вясёлы’, ст.-слав. веселъ. Прасл. vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат. vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус. wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е. *u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац. vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр. vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр. gwest ’бяседа’, гоц. wisan ’банкетую’, ірл. feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест. vaηhu‑, voku, гальск. ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл. fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е. *u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд. vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч. ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав. vesel‑ъ і ням. lustig (< Lust ’радасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр. квітень, польск. kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

багаты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. багаты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. ▪ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. ▪ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. ▪ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. ▪ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́,а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусціць, спушчу, спусціш, спусціць; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз; апусціць. Пазней, як змрок на поле ляжа І ветрык пройдзецца травой, Салдаты спусцяць і прывяжуць Яго [аэрастат] над самаю зямлёй. Ляпёшкін. Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, соладка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе .. позірк маці. Мележ. // Звесці ўніз таго, хто знаходзіцца зверху або на паверхні чаго‑н. Коней спусцілі ад куль уніз з абрывістага берага, да самай рэчкі. Чорны. Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. Бураўкін. // Апусціць ніжэй, чым было. Страху не раскрывалі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. Ермаловіч. // Зняўшы каго‑, што‑н. адкуль‑н., паставіць ці пакласці куды‑н. — Куды вы мяне пан[еся]це? — запытала.. [Ірынка], як быццам з расчараваннем пасля таго, як яе спусцілі з рук на драўляны памостак ганка. Чорны. Мігам спусцілі па зямлю чатыры вялізныя скрынкі. Беразняк. // Зняць што‑н. адзетае, сунучы ўніз. Спусціць панчохі. ▪ Спусціла [Валя] на пясок спадніцу, прытаптала яе нагамі і больш баялася што скідаць. Шамякін. // Перамясціцца ніжэй (сесці, легчы і пад.). У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела. Зарэцкі. // Падаць зверху ўніз. Спусціць вяроўку. ▪ Палезла [Назарыха] на гарышча, на вяроўцы спусціла адтуль калыску. Ледзь сама не звалілася. Б. Стральцоў. // Перамясціць на ваду пасля рамонту, пабудовы і пад. (пра судна). Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Колас. // Апусціць на ваду з борта карабля. Матросы спусцілі на ваду .. шлюпку і што сілы паплылі да кашалота. Матрунёнак. // Апусціць у глыб чаго‑н.; утапіць. — Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа, — загаварыла Параска. — Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць. Грахоўскі.

2. каго-што. Вызваліць ад прывязі (пра жывёлу). Спусціць сабаку на ноч. // Нацкаваць на каго‑н. [Бацька:] — Як спушчу з ланцугу сабаку, дык без штаноў пачыкільгаеш дамоў. Бажко. [Хлопцы] пайшлі, азіраючыся, бо баяліся, што сярдзітая цётка спусціць з ланцуга ваўкадава. Асіпенка.

3. што. Выпусціць вадкасць, газ і пад. адкуль‑н. Спусціць пару з катла. ▪ [Мікалай Патапавіч:] — Што, вы не маглі б навесці тут парадак: спусціць ваду, зграбці гной у кучы. Кулакоўскі. Відаць, нямала палажыў тут сілы Кірыла, каб зраўнаваць пагоркі, павыкопваць канавы, спусціць гнілую балотную ваду, ды павыкарчоўваць імшары. Скрыган. / Ачысціць, зрабіць парожнім (ад вады, газ; і пад.). Спусціць шыну. ▪ Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Колас. // Сабраць, набраць выпускаючы адкуль‑н. вадкасць. — Вось з гэтае бярозы .. спусцілі дзве бочкі соку, — сказала Антоля брату, калі яны падышлі бліжэй. Дамашэвіч. // без дап. Выпусціць з сябе паветра (пра напампаваныя прадметы). Але ў дарозе нам [рыбаловам] не пашанцавала — спусціла кола газіка, і на возера прыбылі на захадзе сонца. Сіняўскі. А як жа чалавеку катацца без насоса? А раптам камера спусціць? Прокша.

4. што і без дап. Разм. Пахудзець, палягчэць у вазе. Спусціць тры кілаграмы.

5. каго-што. Накіраваць, паслаць што‑н. у ніжэйшую арганізацыю, інстанцыю. Ды і сапраўды трэба было прагледзяць цэлы стос тэхнічнай літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» службам. Карпаў. // перан. Панізіць на службе. Кажуць, што спусцілі .. [кіраўніка ўстановы] па колькі прыступак ніжэй за тое, што працаваў слаба, а сябе любіў дужа. Кавалёў. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару .. А тут яго раптам спусцілі ўніз. Шамякін.

6. што. Зрушыўшы, ссунуўшы што‑н., вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў). Спусціць затвор фотаапарата. ▪ [Міхась] плаўна спусціў курок. Якімовіч. Яшчэ раз спусціў [баец] курок — Асечка. Нідзе нікога. Калачынскі. // Закончыць або звузіць вязанне, захапіўшы адразу некалькі вочак. Спусціць плячо ў кофце. // Пры вязанні даць саскочыць вочку з прутка або з кручка.

7. што. Разм. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва). [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Яўхім:] — Або паехаў у лес па дровы. А поруч хвойка стаіць, выносістая такая, што сама ў сцяну просіцца. Ну як, скажы, старшыня, крывуліну ссекчы, а хвойку гэтую пакінуць! Возьмеш ды спусціш яе на дол. Чарнышэвіч.

8. што. Скінуць што‑н. уніз, падарваўшы. [Валодзя:] — Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік. Федасеенка. Сёння мы [падрыўнікі] павінны спусціць хоць адзін эшалон. Новікаў.

9. перан.; каго-што. Збыць, прадаць. Бацька .. [Асмалоўскага] быў яшчэ багаты, але амаль усю зямлю спусціў, і дзеці ўжо жылі, як гарох пры дарозе — кожны іх шчыпаў. Сіўцоў. Фактычна .. [музей] утрымліваў гэты дробны памешчык Касцюк, які спусціў на музей, усю сваю гаспадарку. Карпюк. // Зрасходаваць, патраціць. І з-за гэтай самай дзяўчыны .. [сябар] у першы ж дзень семінара спусціў усе камандзіровачныя. Прокша. // Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑н. Ды хай будзе вам вядома, Я чужога не хачу, Але ўласнага нікому Я таксама не спушчу. Кляўко.

10. што і без дап. Збавіць цану. [Стафанковіч да Вэні:] — У гаспадара два япрукі на продаж. — Заязджайце ў двор; таргуйцеся, дорага не давайце. Спусціць, чорт яго не возьме. Чорны. І хаця б адна душа падышла да вязкі — спусціў бы [Дзімка] цяпер які рубель з цаны, бо хіба выцерпіш на такім марозе. Капыловіч.

11. перан.; што і без дап. Дараваць, пакінуць без пакарання які‑н. учынак. [Гулік:] — Будзь асцярожны: Фогель, калі пранюхае, то не спусціць. Навуменка. [Лейка:] — Правільна. Мірон яшчэ хітрэй за Давыдзюка. Возьмеш у яго, то ён табе ўжо не спусціць. Галавач. // Змоўчаць, прамаўчаць. Міхал згаджаўся з тым, што .. [Анэта] казала: і язык такі, што нікому не спусціць. Васілевіч.

12. каго-што. Разм. Упаляваць. — А ведаеш, што я надумаў? — зірнуў на мяне Сцяпан, наразаючы каўбасу. — Спусцім заўтра не аднаго, а пару глушцоў. Ляўданскі.

13. што. Спец. Зрабіць патрэбнай формы, памераў; падагнаць. Спусціць край дэталі на конус. Спусціць дошку фуганкам.

14. што. Страсціць (пра ніткі). Спусціць ніткі.

•••

Спусціць вочы — засаромецца.

Спусціць дух — памерці.

Спусціць з вока (вачэй) — страціць пільнасць, перастаць сачыць.

Спусціць з думак — выкінуць з галавы, перастаць думаць пра каго‑, што‑н.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) — моцна набіць, адлупцаваць каго‑н.

Юху спусціць — разбіць нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)