ПУПКО́ (Пупка) Апалінарый Фларыянавіч

(12.11.1893, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 18.6.1984),

беларускі самадзейны майстар разьбы па дрэве. У сваёй творчасці працягваў лепшыя традыцыі бел. нар. драўлянай скульптуры. Аўтар работ ка мернага характару на фалькл., літ., гіст., казачныя сюжэты: «Несцерка» (1965), «Жалейка» (1970), «Ганчар» (1972), «Араты», «Мая доля», «Лірнік», «Збянтэжаны Саўка» (усё 1979) і інш. Стварыў партрэты В.​Дуніна-Марцінкевіча (1976), А.​Пашкевіч (Цёткі, 1977), Ф.​Скарыны (1980), эпічныя манум. творы «Маці» (1976), «Летапісец» (1977), «Гусляр», «Сейбіт» (1978) і інш.

Літ.:

Сахута Я. Народны майстар-разьбяр А.​Пупко. Мн., 1981.

Я.​М.​Сахута.

А.Пупко. Скульптуры «Мая доля», «Лірнік». 1979.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пупко Б. 4/549

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пупко А. (кіраўнік аматарскага гуртка) 12/661

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пупко А. (разьбяр) 9/76, 339; 12/658

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пупко І. С. 8/186

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,

часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.​Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.​Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.​Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.​Піліпава, В.​Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Арсенавіч) (20.5. 1936, в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.3.1972),

бел. літаратуразнавец, краязнавец, педагог. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, нам. дырэктара Сваткаўскай СШ Мядзельскага р-на. Узначальваў літаб’яднанне пры газ. «Нарачанская зара» (г. Мядзел). Пісаў вершы, літ.-знаўчыя артыкулы. Выдаў кн. «З вопыту работы літаратурнага гуртка...» (1968) пра работу школьнага гуртка бел. л-ры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел бел. пісьменнікі (Я.​Брыль, В.​Быкаў, У.​Караткевіч, І.​Навуменка, М.​Танк і інш.). Памяці П. прысвечаны аповесць Быкава «Абеліск», верш А.​Лойкі «Каліны», карціна А.​Пупко «Памяць», раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы.

Літ.:

Жук В. Сцежка застаецца людзям // Маладосць. 1981. № 9.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.​Пупко, П.​Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.​Купалы і Я.​Коласа (ўсе 1982), У.​Сыракомлі, «В.​Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.​Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл. гл. таксама да арт. Нацюрморт.

В.​Я.​Буйвал.

В.Маркавец. Заслаўе 9—11 ст. 1992.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭЛЬЕ́Ф (франц. bas-relief літар. нізкі рэльеф),

від рэльефнай скульптуры, дзе пукатая частка выявы выступае над плоскасцю фону не больш як на палову свайго аб’ёму. Барэльеф (выяўленчы і арнаментальны) — пашыраны від аздаблення архітэктурных збудаванняў і твораў дэкар. мастацтва. Часам барэльефы ўпрыгожваюць пастаменты помнікаў, стэлы, мемар. дошкі, манеты, медалі, гемы.

На Беларусі вядомы з даўніх часоў. У барэльефе выкананы віслыя пячаткі, каменныя і драўляныя абразкі («Канстанцін і Алена», 12 ст.; «Премудрость созда себе храм. Праздники» Ананія, 15—16 ст.); выявы евангелістаў на Віцебскіх царскіх варотах, у Міхайлаўскім касцёле ў в.Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў надмагіллі (17 ст., фарны касцёл у Нясвіжы). Развіццё барэльефу ў 19 — пач. 20 ст. звязана з імёнамі скульптараў В.​Смакоўскага, К.​Ельскага, К.​Барычэўскага, Р.​Слізеня, І.​Цэйзіка і інш. Барэльефныя выявы часам уключаюць у мемар. помнікі (Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, 1969, А.​Бембель; помнік воінам і партызанам на воз. Нарач у Мядзельскім раёне, 1968, Б.​Маркаў, Я.​Печкін; стэла з мемар. комплексу Рыленкі, 1973, М.​Рыжанкоў; помнік І.​Буйніцкаму ў в. Празарокі Глыбоцкага р-на, 1976, І.​Міско, і інш.). Барэльефы ствараюць самадзейныя разьбяры па дрэве: І.​Лук, А.​Пупко, Дз.​Сталяроў.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Барэльеф. Стэла з мемарыяльнага комплексу Рыленкі. 1973. Скульптар М.​Рыжанкоў.
Да арт. Барэльеф. Барэльефная кампазіцыя ў інтэр’еры Міхайлаўскага касцёла ў вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. 2-я пал. 17 ст.

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,

скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл. Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.​Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.​Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.​Драздовіча (Я.​Пачопкі, М.​Машары, А.​Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.​Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.​Кузьміцкі, Ф.​Дзудзакевіч, А.​Петрашкевіч, Я.​Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г. нац. каларытам вылучаліся работы М.​Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.​Андрыянаў, М.​Бяляеў, Г.​Гаркуноў, М.​Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.​Багданаў, Ф.​Зільберт, Т.​Мацвеенка, Т.​Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.​Багінскага, Т.​Лінкевіча, С.​Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.​Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.​Байрачны, А.​Зіменка, Л.​Талбузін. У кераміцы працуюць М.​Балюк, Т.​Васюк, М.​Кляцкоў, А.​Концуб, У.​Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.​Міхеенкі (Полацк), А.​Пупко (Івянец), В.​Альшэўскага і М.​Ерафеева (Мінск), Г.​Асіпковай (Чашнікі), Б.​Васількова (Гомель), С.​Жыголкіна (Віцебск), С.​Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.

Літ.:

Жук В.И. Современная белорусская керамика. Мн., 1984;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977.

А.​К.​Лявонава.

Да арт. Скульптура малых форм. М.​Звярко. Кампазіцыя «Івянецкія ганчары».
Да арт. Скульптура малых форм. Птушачка. Бронза. Ліццё.

т. 14, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)