псамафі́лы, ‑аў; адз. псамафіл, ‑а, м.

Спец. Жывёліны, якія жывуць у пясках (напрыклад, пясчаная блыха, яшчаркі, тушканчыкі).

[Ад грэч. psámmos — пясок і philéō — люблю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],

псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.

Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

псамафі́лы

(ад гр. psammos = пясок + -філ)

жывёлы, якія жывуць у пясках, напр. пясчаная блыха, яшчаркі, тушканчыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

псамафі́л

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. псамафі́л псамафі́лы
Р. псамафі́ла псамафі́лаў
Д. псамафі́лу псамафі́лам
В. псамафі́ла псамафі́лаў
Т. псамафі́лам псамафі́ламі
М. псамафі́ле псамафі́лах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)