прычы́ннасць

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 3 скланенне

адз.
Н. прычы́ннасць
Р. прычы́ннасці
Д. прычы́ннасці
В. прычы́ннасць
Т. прычы́ннасцю
М. прычы́ннасці

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

прычы́ннасць, -і, ж.

1. Датычнасць, дачыненне да чаго-н.

Мець п. да справы.

2. У філасофіі: узаемная сувязь з’яў, ва ўзнікненні і развіцці якіх адна служыць прычынай чаго-н., а другая — вынікам, адна параджаецца другой.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прычы́ннасць ж.

1. прича́стность, прикоснове́нность;

п. да спра́вы — прича́стность (прикоснове́нность) к де́лу;

2. филос. причи́нность

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прычы́ннасць, ‑і, ж.

1. Удзел у чым‑н., дачыненне да чаго‑н. Абгрунтаванне думкі аб прычыннасці «Новай зямлі» да генезісу беларускага рамана атрымалася неглыбокім і скамечаныя. «Полымя».

2. У філасофіі — форма сувязі і ўзаемадзеяння з’яў аб’ектыўнага свету, якая выяўляе неабходную абумоўленасць адной з’явы другой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,

адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл. Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.​Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.​Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.​Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл. Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.​Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.​Міль, Г.​Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.​Конт, Р.​Авенарыус, Э.​Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».

Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.

В.​В.​Краснова.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каўза́льнасць, -і, ж. (кніжн.).

1. гл. каўзальны.

2. У філасофіі: тое, што і прычыннасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кауза́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Прычыннасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

причи́нность филос. прычы́ннасць, -ці ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

przyczynowość

ж. філ. прычыннасць

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

прычы́нны, -ая, -ае.

1. Які мае ці меў дачыненне да чаго-н.

Да ўсіх будынкаў у калгасе і мае рукі прычынныя.

2. Які выражае прычыннасць (у 2 знач.).

Прычынная сувязь з’яў.

3. У граматыцы: які паказвае на прычыну, мае значэнне прычыны.

П. злучнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)