Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ПРЫКМЕ́ТЫ,
прыкметы, якія прысутнічаюць пры нараджэнні. Адрозніваюць спадчынныя і няспадчынныя. Спадчынныя падзяляюцца на нармальныя П.п. і прыроджаныя хваробы. Нармальныя П.п. (напр., першасныя палавыя прыкметы ў чалавека) з’яўляюцца вынікам уздзеяння аднаго або многіх генаў. Прыроджаныя хваробы абумоўлены геннымі, геномнымі або храмасомнымі мутацыямі, што атрыманы ад бацькоў (напр., праяўленне мутантнага гена, які перадаецца ў спадчыну ў пэўнай сям’і з пашкоджаннем тканак, органаў або сістэм органаў і інш.). Няспадчынныя П.п. развіваюцца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя пры эмбрыягенезе (напр., павышаныя дозы радыяцыі, інфекц. захворванні, ужыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, наркотыкаў) і характарызуюцца адхіленнямі ад нормы, напр., заганы развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.
Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныязаганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.
На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.
Літ.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ІДЭ́І,
уяўленні і веды, якія не могуць быць набыты, паколькі не маюць адносін да пачуццёвага свету (напр., матэм. і лагічныя аксіёмы, маральныя каштоўнасці, зыходныя філас. прынцыпы); паняцце тэорыі пазнання. Пачынальнік вучэння аб П.і. — Платон. Паводле адных філосафаў, П.і. дадзены ад Бога (Р.Дэкарт); іншыя лічылі іх задаткамі розуму, развіццю якіх садзейнічае пачуццёвы вопыт (Г.Лейбніц). У сенсуалістычнай філасофіі (Т.Гобс, Дж.Лок) існаванне П.і. адмаўлялася. Існуе тэндэнцыя разглядаць П.і. як набытыя ў спадчыну. Гл. таксама Апастэрыёры і апрыёры.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ДЭРМАТО́ЗЫ [ад дэрма + ...оз(ы)],
прыроджаныя і набытыя паталаг. працэсы ў скуры і яе прыдатках (валасах, пазногцях). Вядома каля 2000 Д. Выклікаюцца экзагеннымі (хім., фіз., біял.) і эндагеннымі (ачаговыя інфекцыі, агульныя інфекц. хваробы, інтаксікацыі) прычынамі, парушэннямі абмену рэчываў, функцыі залоз унутр. сакрэцыі, крова- і лімфазвароту, пашкоджаннем нерв. сістэмы, нястачай вітамінаў. Прыроджаныя Д. бываюць пры інтаксікацыях, інфекцыях, парушэннях кровазвароту плода ва ўлонні маці. Д. пашкоджваюць увесь арганізм або асобныя органы і сістэмы. Лячэнне агульнае (прычыннае) і мясцовае (сімптаматычнае). Гл. таксама Высыпка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́КІ СЭ́РЦА,
паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.
Літ.:
Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;
Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.