Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́МЫ АРХІТЭКТУ́РНЫЯ,
працяглыя элементы арх. пластыкі, спалучэнне якіх складае профілі (разрэзы) карнізаў, капітэляў, базаў калон. Размяшчаюцца па гарызанталі, радзей па нахіленай крывой (у архівольтах арак, на нервюрах) ці ламанай (абрамленні парталаў, вокнаў) лініі. Узбагачаюць арх. дэкор, узмацняюць вобразна-маст. выразнасць будынка. Падзяляюцца на прамалінейныя (палічка) і крывалінейныя (вал, гусёк, абцасік і інш.). Найб. пашыраны ў ордэрнай архітэктуры (гл.Ордэр). Узніклі ў класічнай архітэктуры Стараж. Грэцыі, адкуль запазычаны дойлідствам Стараж. Рыма і Візантыі, пасля — Зах. Еўропы. У сучаснай архітэктуры абломам архітэктурным адпавядаюць профілі архітэктурныя.
Абломы архітэктурныя: 1 — палічка; 2 — вал; 3 — «ястрабіная дзюба»; 4 — кіматый (а — прамы, б — адваротны); 5 — абцасік (а — прамы, б — адваротны); 6 — выкружка; 7 — астрагал; 8 — скоцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ ЗЯМНО́Й ПАВЕ́РХНІ,
раздзел геамарфалогіі, які вывучае знешні выгляд рэльефу з дапамогай візуальных назіранняў, апісання, графічных адлюстраванняў і колькасных паказчыкаў. Пры марфал. даследаваннях вызначаюцца размяшчэнне, арыенціроўка, вышыня, плошча, аб’ёмы, нахілы элементаў, форм і тыпаў рэльефу, праводзіцца іх класіфікацыя, складаюцца схемы, карты, профілі, графікі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІбудаўнічыя,
канструкцыі і вырабы з алюмініевых сплаваў ці тэхн. алюмінію. Лёгкія, трывалыя, даўгавечныя, маюць высокія дэкар. якасці, але складаныя ў выкананні роўнатрывалых злучэнняў, асабліва зварных; патрабуюць уліку зніжанага (прыкладна ў 3 разы ў адносінах да сталі) модуля пругкасці алюм. сплаваў. На выраб алюмініевых канструкцый ідуць тонкі ліставы метал і прасаваныя танкасценныя профілі. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйныя і аддзелачныя элементы ў будынках, трансп., спарт. і інш. збудаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯКА́ЛА,
1) чарцёжны інструмент для правядзення і праверкі крывых ліній. Бываюць простыя (з дрэва, пластмасы, металу, маюць крывалінейны край) і універсальныя з пераменнай крывізной (стальная лінейка з прыстасаваннем, якое зменьвае яе канфігурацыю — крывізну).
2) Бясшкальны вымяральны інструмент або разметачнае прыстасаванне (шаблон) у выглядзе стальной пласціны з рабочым краем, зробленым па адваротным профілі вырабу. Выкарыстоўваецца ў машына- і суднабудаванні для кантролю і абводкі крывалінейных контураў фасонных дэталей.