ПРО́ЗАРЫ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:
Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян у 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 13, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ВЫ ЎРА́Д ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, Камісія часовага кіравання Вялікага княства Літоўскага (Komisja Rządu Tymczasowego w Wielkim księstwe Litewskim),
каардынацыйна-калегіяльны орган вышэйшай цывільнай улады, створаны ў ходзе вайны 1812 паводле загаду Напалеона 1.7.1812 у Вільні для адм. кіравання акупіраванымі тэрыторыямі Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ., перайменаваных у дэпартаменты. Складаўся са старшынь 7 камітэтаў: харчавання і магазінаў (С.Солтан), скарбу (К.Прозар, гл. ў арт. Прозары), паліцыі (Ю.Серакоўскі), ваеннага (А.Сапега, гл. ў арт. Сапегі), судовага (Ф.Ельскі, гл. ў арт. Ельскія), унутр. спраў (А.Патоцкі), нар. асветы і духоўных спраў (Я.Снядэцкі). Генеральным сакратаром прызначаны Ю.Касакоўскі, імператарскім камісарам пры ўрадзе — барон Л.П.Э.Біньён (1.7.1812). Старшыня ўрада Солтан, 24.8.1812 яго змяніў ваенны ген.-губернатар Літвы, граф Д. ван Гогендорп. 14.7.1812 урад далучыўся да Генеральнай канфедэрацыі 1812 у Варшаўскім княстве, аднак Напалеон не задаволіў просьбу пра аб’яднанне ВКЛ з Варшаўскім княствам. Гал. мэта ўрада — збор усяго неабходнага для патрэб «Вял. арміі». Асн. функцыі: фарміраванне літоўскіх войск 1812, нарыхтоўка і дастаўка правіянту і фуражу, кіраванне фінансамі краю, арг-цыя судаводства, адукацыі і інш. З 2.7.1812 да 30.7.1813 правёў 134 пасяджэнні. З-за шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў Часовы ўрад не змог разгарнуць дзейнасць у поўным аб’ёме. Пасля разгрому напалеонаўскай арміі ўрад дзейнічаў у эміграцыі; спыніў дзейнасць у Дрэздэне.
Літ.:
Ліс Я. Палітыка Напалеона на Беларусі // Спадчына. 1996. № 5;
Швед В. Вялікае княства Літоўскае ў 1812 г. // Бел. гіст. часоп. 2000. № 3.
А.У.Ерашэвіч.
т. 17, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)