Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ, Дзяржаўныя працоўныя рэзервы,
дзяржаўная сістэма падрыхтоўкі і размеркавання кваліфікаваных спецыялістаў з гар. і сельскай моладзі ў СССР. Уключала рамесныя вучылішчы, чыгуначныя вучылішчы і фабрычна-заводскага навучання школы. Створана ў 1940. У 1959 ператворана ў сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЦО́ЎНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ»,
шматмэтавы спартыўны комплекс у Мінску. Пабудаваны ў 1989 (арх. Л.Левін, В.Звалінскі) у мікрараёне Зялёны Луг 5. Размешчаны на свабоднай тэрыторыі, каля ляснога масіву і вадаёма. Самы буйны спарт. аб’ект у горадзе. Складаецца з 3 функцыянальна самаст., кампазіцыйна і канструкцыйна звязаных паміж сабой аб’ёмаў, падпарадкаваных адзінай арх. задуме. Уключае крыты лёгкаатлетычны манеж (136 × 62 м) з 200-метровай кругавой бегавой дарожкай і з трыбунамі для гледачоў, 2 плавальныя басейны, вял. універсальную залу (42 × 30 м), спецыялізаваныя спарт. залы, дапаможныя тэхн. памяшканні. У канструкцыі перакрыцця выкарыстаны клеедраўляныя аркі манежа пралётам 50 м і універсальнай залы пралётам 42 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНЫЯ СПРЭ́ЧКІ,
спрэчкі, якія ўзнікаюць паміж работнікамі і наймальнікам па пытаннях прымянення заканадаўства, інш. нарматыўных актаў аб працы, калектыўнага дагавору і інш. пагадненняў аб працы. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь індывідуальныя П.с. разглядаюцца камісіямі па працоўных спрэчках і судамі (індывід. П.с. некат. катэгорый работнікаў разглядаюцца ў асобным парадку). Парадак разгляду індывід. П.с. рэгулюецца КЗаП, а ў судах вызначаецца таксама і Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Калект. П.с. (канфлікты) вырашаюцца ў парадку, які ўстанаўліваецца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЛА́ГЕРЫ (ППЛ) у СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюц. і агульнакрымін. злачынствах. Ствараліся паводле пастановы СНКСССР ад 7.4.1930, існавалі да канца 1950-х г. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэсп.АДПУ, з 1934 — НКУССССР. З’яўляліся асн. адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80% усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, інш. буйных будоўлях. У 1939 у СССР налічвалася 180 ППЛ. Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на буд-ве шашы Мінск—Масква ў 1930-я г. У кастр. 1956—крас. 1957 ППЛ выведзены з падпарадкавання МУС і падначалены Мін-ву юстыцыі СССР.