ПРАТЭ́І (Proteidae),

сямейства хвастатых земнаводных. 2 роды, 2—6 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. Еўрапейскі П., або ольм (Proteus anguineus, або P. anguinus) жыве ў падземных (пячорных) вадаёмах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Амерыканскі П. (Necturus maculosus) утварае 5 падвідаў (часта лічаць асобнымі відамі), жыве ў чыстых азёрах з пясчаным дном і багатай расліннасцю. Мяркуецца, што П. — неатэнічныя лічынкі невядомых саламандраў (гл. Неатэнія).

Цела выцягнутае, хвост доўгі, вёслападобны, з плаўніковай складкай. Вонкавых шчэлепаў 3 пары. Кормяцца беспазваночнымі. Апладненне ўнутранае. Даўж. П. еўрап да 30 см, афарбоўка цела бледна-ружовая. Канечнасці слабыя, на пярэдніх па 3 пальцы, на задніх па 2. Вочы пад скурай, рэдукаваныя. Адкладвае да 80 яец або нараджае 2 дзіцяняці. Даўж. П. амер. да 43 см, афарбоўка зменлівая, ад карычнева-чырв. да шэрай з блакітна-чорнымі плямамі. На канечнасцях па 4 пальцы. Вочы прыкметныя. Адкладвае некалькі дзесяткаў яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Пратэі: 1 — амерыканскі; 2 — еўрапейскі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пратэ́і

(гр. Proteus = імя старажытнагрэчаскага міфічнага марскога боства-вешчуна, якое магло змяняць свой выгляд)

1) сямейства хвастатых земнаводных, якія жывуць у прэсных вадаёмах і падземных водах;

2) палачкападобныя неспараносныя рухомыя бактэрыі, якія пашыраны ў забруджанай глебе, вадзе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пратэ́й

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. пратэ́й пратэ́і
Р. пратэ́я пратэ́яў
Д. пратэ́ю пратэ́ям
В. пратэ́й пратэ́і
Т. пратэ́ем пратэ́ямі
М. пратэ́і пратэ́ях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)