ПРАДЗЮ́СЕР (англ. producer ад лац. producere вырабляць),
у кіно- і на тэлебачанні асоба, якая ажыццяўляе арганізацыйна-фінансавы кантроль за дзейнасцю здымачнай групы, пытанні падбору кадраў, у т. л. творчых. П. можа быць рэжысёр, акцёр, сцэнарыст.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́Н ((Delon) Ален) (н. 8.11.1935, Парыж),
французскі кінаакцёр, рэжысёр, прадзюсер. У кіно з 1957. У фільмах «Рока і яго браты», «Зацьменне», «Леапард», «Самурай», «Забойства Троцкага», «Месье Кляйн» раскрывае дваістасць чалавечай натуры сваіх герояў, канфлікт паміж матэрыяльным і духоўным. Знешні выгляд, пластычнасць, дынамізм зрабілі Д. папулярным у ролях розных амплуа. Паставіў фільм «За скуру паліцэйскага» (1981), «Неўтаймаваны» (1983). З 1968 выступае і як прадзюсер.
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТО́Й (Ігар Якаўлевіч) (н. 29.7.1954, г. Гайваран Кіраваградскай вобл., Украіна),
расійскі кампазітар і прадзюсер. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Мікалаеўскі пед. ін-т (1979), вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1985—88). Арганізатар (1989) і кіраўнік прадзюсерскай фірмы «АРС» (Масква). Аўтар песень, адметных яскравым меладызмам, эмацыянальнасцю. Запісаў 4 альбомы на кампакт-дысках і аўдыёкасетах (1997—98). Прадзюсер фестывалю «Славянскі кірмаш» у Віцебску (1998), шматлікіх тэлепраектаў, у т. л. «Песня года» (ГРТ).
т. 8, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНС ((Ince) Томас Харпер) (6.11.1882—19.11.1924),
амерыканскі рэжысёр, прадзюсер. Адзін з заснавальнікаў амер. кінематаграфіі. З 1899 выступаў як танцор, спявак, акцёр. З 1911 рэжысёр у кіно. У 1912 заснаваў фірму «Кей Бі». Упершыню ўвёў сістэму прадзюсераў, «жалезны» сцэнарый (патрабаваў дакладнага выканання пастаноўкі), ствараў цыклы фільмаў з адным акцёрам у гал. ролі (пераважна вестэрны). У 1915 засн. кампанію «Трайэнгл» (з Д.Грыфітам і М.Сенетам), з 1918 у кампаніі «Арткрафт Парамаўнт». У 1921—24 прадзюсер кінакампаніі «Асашыэйтэд фёрст нэшанал». Сярод фільмаў: «Бітва каля Гетысберга» (1913), «Гнеў багоў» і «Тайфун» (1914, з рэж. Р.Баркерам), «Італьянец» (1915, з рэж. С.Сідні), «Цывілізацыя» (1916, з інш. рэж.). Лепшыя карціны вылучаюцца эпічным размахам, масавымі сцэнамі, драматызмам дзеяння, віртуозным мантажом.
т. 7, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СНЕЙ ((Disney) Уолт) (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),
амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л. для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.
Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДАР ((Vidor) Кінг Уоліс) (8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),
амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.
т. 4, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МЕР, Крэймер (Kramer) Стэнлі (н. 29.9.1913, Нью-Йорк), амерыканскі кінарэжысёр і прадзюсер. Скончыў Нью-Йоркскі ун-т (1933). Стваральнік вострасюжэтных фільмаў актуальнай тэматыкі: «Не схіліўшыя галавы» (1958, у пракаце «Скаваныя адным ланцугом»), «На апошнім беразе» (1959), «Пажнеш буру» (1960), «Нюрнбергскі працэс» (1961), «Гэты шалёны, шалёны, шалёны, шалёны свет» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Благаславі звяроў і дзяцей» (1971), «Прынцып «Даміно» (1977), «І спатыкаецца той, хто бяжыць...» (1979) і інш. Фільмы К. адпавядаюць традыц. драматургічным і жанравым схемам, для іх характэрна яснасць думкі. выказанай з максімальнай публіцыст. даступнасцю.
т. 8, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЬКА́НЦІ (Cavalcanti; сапр. Алмейда Кавалканці, Almeida Cavalcanti) Алберту (6.2.1897, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 23.8.1982), бразільскі кінарэжысёр, прадзюсер. Скончыў Жэнеўскі ун-т (1917). Працаваў у Еўропе і Бразіліі. Кінатворам уласціва эмацыянальная напружанасць; асн. іх тэматыка — паўсядзённае жыццё народа. Пастаноўшчык фільмаў «Цягнік без вачэй» (1926), «Маленькая Лілі», «На рэйдзе» (абодва 1927), «Паэт і Пот» (1934), «Глыбокай ноччу» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лакарна 1946), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1946), «Песня мора» (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы-Вары), «Першая ноч» (1958), «Пачвара Хайгейцкай сажалкі» (1960). Аўтар кн. «Фільм і рэчаіснасць» (1952).
т. 7, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ (Алег Паўлавіч) (н. 16.11.1945, г. Слуцк),
бел. мастацтвазнавец, дзеяч кінамастацтва. Скончыў БДУ (1966). Заснавальнік і мастацкі кіраўнік майстэрні мультфільмаў кінастудыі «Беларусьфільм» (1975—89), анімацыйных студый (1989—95), віцэ-прэзідэнт кінавідэастудыі «Кадр-2» (з 1995). З 1963 выступае ў друку па праблемах бел. выяўл. мастацтва. Аўтар сцэнарыяў хранікальна-дакумент. і публіцыстычных фільмаў «Прафесар прыгажосці» (1972, з У.Бойкам), «Загадка Ф.Скарыны» (1973), «Развітальны вальс» (1977), «Задума» (1979), «Нераскрыты» (1992) і інш. Стваральнік анімацыйных фільмаў: «Казка пра вясёлага клоуна» (1980, рэжысёр), «Несцерка» (1978, аўтар сцэнарыя з В.Вольскім), аўтар сцэнарыяў і рэжысёр стужак «Песня пра зубра» (1983), «Вельмі стары чалавек» (1989), «Дэкамерон» (1994, і прадзюсер).
Л.Д.Фінкельштэйн.
т. 2, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФУ́НЭ (Тасіра) (1.4.1920, г. Цындао, Кітай — 24.12.1997),
японскі кінаакцёр, прадзюсер. У кіно з 1947 (дэбют у фільме «Па той бок сярэбранага хрыбта»). Здымаўся пераважна ў стужках рэж. А.Курасавы. Ролі вызначаюцца выразнасцю пластыкі, тэмпераментам, імкненнем да паглыбленага раскрыцця ўнутр. свету герояў, выкарыстаннем традыцый яп. т-ра: Мацунага («П’яны анёл», 1948), Тадзёмару («Расёмон», 1950), Кікуціё («Сем самураяў», 1954), Такэтокі Васідзу («Замак павуціны» паводле «Макбета» У.Шэкспіра, 1957), Сандзюра («Целаахоўнік», 1961), доктар Нійдзе («Чырвоная барада», 1965, за 2 апошнія прэміі Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. У 1963 заснаваў уласную кінакампанію «Міфунэ-про». З 1970-х г. здымаўся пераважна ў тэлесерыялах сваёй студыі і ў замежных кінастужках.
т. 10, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)