ПО́ТЭС (Інеса Сяргееўна) (н. 28.9.1956, Мінск),

бел. спартсменка (вадналыжны спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Засл. майстар спорту СССР (1980). Суддзя міжнар. катэгорыі (1992). Скончыла БДУ (1978.). З 1992 старшы трэнер Рэсп. спарт. дзіцяча-юнацкай школы алімп. рэзерву па водных лыжах. Чэмпіёнка Еўропы па фігурным катанні (1978, г. Тэміль-сюр-Лот, Францыя), 14-разовая чэмпіёнка СССР (1972—77) у мнагабор’і і асобных відах практыкаванняў. Рэкардсменка Еўропы (1980) па фігурным катанні, 29-разовая рэкардсменка СССР у мнагабор’і, фігурным катанні, скачках з трампліна.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,

від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.

На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.​Потэс, А.​Мінянок, Дз.​Яскевіч, М.​Амяльянчык, Ю.​Грамыка, А.​Паўлава, А.​Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).

М.​А.​Дубіцкі.

т. 3, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)