ПО́ПІСЫ ВО́ЙСКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, попісы шляхты,

вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзбр. ненайманых сіл дзяржавы. Першы попіс, матэрыялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528. Паводле гэтай ухвалы землеўласнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска 1 вершніка; усяго ўлічаны 19 842 коннікі. Статут ВКЛ 1529 больш дэтальна вызначыў абавязкі шляхты па ўдзеле ў попісах і зазначыў, што дробная шляхта, якая не мае падданых і вял. уладанняў, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска 1 конніка з 10 службаў. Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта збіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) з 26.6.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коннікаў. Статут ВКЛ 1588 устанавіў, што попісы праводзяцца ў час збору шляхты на вайну. Верагодна, попіс быў праведзены ў 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв. Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле норм пастановы Віленскага сойма 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды і соймікі). У цэнтр. павеце ваяводства шляхта павінна была з’яўляцца перад ваяводам, кашталянам і харунжым, у інш. паветах — перад маршалкам, харунжым і войскім. Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы будуць адбывацца праз 4 гады на свята св. Міхала (29 вер.), а Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады. Адзіным даволі поўным спісам шляхецкіх родаў ВКЛ з’яўляецца попіс 1765, бо ён праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы. Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца па сац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, генеалогіі, гіст. геаграфіі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

по́піс

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. по́піс по́пісы
Р. по́пісу по́пісаў
Д. по́пісу по́пісам
В. по́піс по́пісы
Т. по́пісам по́пісамі
М. по́пісе по́пісах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ЛАЎМЯ́НСКІ ((£owmiański) Генрык) (22.8.1898, в. Даўгуджай Укмергскага р-на, Літва — 4.9.1984),

польскі гісторык-медыявіст, славяназнавец. Акад. Польскай АН (1956). Скончыў Віленскі ун-т (1923). Д-р габілітаваны (1932), праф. (1934) Віленскага ун-та. З 1945 праф., заг. кафедры, з 1951 дырэктар Ін-та гісторыі Пазнанскага ун-та, заг. аддзела гісторыі Польшчы феад. перыяду Ін-та гісторыі Польскай АН. Аўтар прац пра паходжанне польскай дзяржавы і народнасці. Даследаваў паліт., эканам., ідэалаг. праблемы гісторыі ВКЛ, гісторыю рэлігіі і культуры балцкіх народаў эпохі сярэдневякоўя, працэсы фарміравання дзяржаўнасці ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Вывучаў пытанні гісторыі Беларусі: генезіс Полацкай зямлі, асобу кн. Вітаўта, Крэўскую унію 1385, вайск. попісы ВКЛ у 16 ст. і інш.

Тв.:

Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85;

Pyc. пер. — Русь и норманны. М., 1985.

Г.​М.​Семянчук.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,

шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШЫ́ЦКІ (Ptaszycki),

Станіслаў Людвік (Станіслаў Львовіч; 12.4.1853, с. Кузава Маскоўскай вобл. — 20.12.1933), польскі гісторык, архівіст, філолаг. Чл. Польскай АН у Кракаве (1931), канд. гіст.-філал. н. (1877), ганаровы праф. (1929). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1877). Працаваў ва ун-це, архідыяцэзнай семінарыі і гімназіях у Пецярбургу. У 1884—87 метрыкант «Літоўскай метрыкі» ў архіве Сената. У 1887 апублікаваў «Вопіс кніг і актаў Літоўскай метрыкі». З 1896 дацэнт Пецярбургскага ун-та, з 1899 выкладчык, праф. Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі. Ў 1918—19, 1921—26 дырэктар Дзярж. архіва ў Любліне, адначасова праф. Люблінскага каталіцкага ун-та, у 1919—21 дэкан філас. ф-та Віленскага ун-та. Удзельнічаў як эксперт у падрыхтоўцы Рыжскага мірнага дагавора 1921. У 1926—31 дырэктар Дзярж. архіваў Польшчы. Ініцыятар выдання і рэдактар (1927—32) час. «Archeion» («Археён»). Вывучаў л-ру 16 ст., гісторыю і права ВКЛ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы 17-га т. «Поўнага збору рускіх летапісаў» (1907), дзе апублікаваны бел.-літ. летапісы. Выявіў і апублікаваў Альшэўскі летапіс (Вільня, 1907), выдаў попісы войска Вялікага княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 (1915). У нясвіжскай б-цы Радзівілаў выявіў рукапіс твора М.​Стрыйкоўскага «Аб пачатках літоўскага народу».

А.​А.​Семянчук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)