Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАСТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, канфрантатыўная лінгвістыка, супастаўляльнае мовазнаўства,
кірунак лінгвістычных даследаванняў дзвюх або некалькіх моў. Мэта К.л. — выяўленне агульных асаблівасцей ці адрозненняў моў, што вядзе да стварэння моўнай тыпалогіі (устанаўлення пэўных тыпаў моў паводле структуры асобных частак гэтых моў: фаналагічнай сістэмы, грамат. структуры, лексічнага складу, стылістыкі і інш). Выкарыстоўваецца для апісання дзвюх або некалькіх моў з дыдактычнымі мэтамі (напр., у перакладазнаўстве), пры вывучэнні моў свету. Супастаўленне моў у К.л. адбываецца на аснове параўнання сістэм моў або на аснове параўнання тэкстаў, якія лічацца эквівалентнымі. Магчыма супастаўляльнае даследаванне моў і на адным сінхронным зрэзе, і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).
Літ.:
Ярцева В.Н. Контрастивная грамматика. М., 1981;
Методы сопоставительного изучения языков. М., 1988;
Теоретические и методологические проблемы сопоставительного изучения славянских языков. М., 1994;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Белорусско-болгарские языковые параллели. Мн., 1992;
Славяно-германские языковые параллели. Мн., 1996.
А.Я.Супрун.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ГРАМА́ТЫКА, параўнальна-супастаўляльная граматыка,
тып лінгвістычнага апісання, у якім разглядаюцца дзве або некалькі моў з пункту гледжання наяўнасці агульных і спецыфічных рыс. Вылучаюць параўнальна-гістарычную граматыку (параўнальнае апісанне моў у дыяхранічным аспекце),
гал. мэта якой выяўленне генет. блізкасці моў праз дыяхранічны аналіз іх агульных рыс, і параўнальна-супастаўляльную граматыку (параўнальнае апісанне моў у сінхранічным аспекце; наз. таксама кантрастыўнай, канфрантатыўнай ці супастаўляльнай граматыкай або параўнальнай тыпалогіяй моў), якая разглядае падабенства і асаблівасць моў, што параўноўваюць незалежна ад іх генет. адносін. Традыцыйна пад паняццем П.г. разглядаюць параўнанне не толькі ўласна грамат. ладу супастаўляемых моў, але і іх фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і сінтаксісу. П.г. мае не толькі тэарэтычны, але і прыкладны характар (пераклад, выкладанне і навучанне мовам). Першыя навук. працы па П.г. з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. і звязаны з узнікненнем параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. У ліку першых параўнальных усх.-слав. даследаванняў былі «Параўнальная граматыка славянскіх моў» В.К.Паржазінскага і «Уводзіны ў параўнальную граматыку славянскіх моў» А.М.Сялішчава (абодва 1914).
Літ.:
Гурскі М.І. Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў. 2 выд. Мн., 1972;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Гл. таксама да арт. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства.
А.В.Зінкевіч.
т. 12, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)