МАНТЫ́ЙНЫ ПЛЮМ,

гарачыя струмені магматычнага рэчыва, што ўздымаюцца з ніжняй мантыі Зямлі (амаль ад мяжы ядро — мантыя) да асновы літасферных пліт і праплаўляюць іх; праява ўнутрыплітнай магматычнай і тэктанічнай актыўнасці, іх зараджэнне — прадвеснік перадрыфтавага тэктанічнага рэжыму зямной кары. Тэрмін уведзены ў 1963 амер. геолагамі Дж.​Уілсанам і В.​Морганам. Прыкметы М.п.: скляпеннае падняцце зямной кары дыям. да 2000 км з праявай вулканізму і трэшчынных выліванняў, высокі цеплавы паток, геамех. напружанасць да 800 МПа, т-ра плаўлення рэчыва да 1400—1600 °C.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧЫ ПУНКТ, у тэктоніцы,

участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл. Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШ ((Busch) Вільгельм) (15.4.1832, Відэнзаль, зямля Ніжняя Саксонія, Германія — 9.1.1908),

нямецкі графік і паэт. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1851—52), Антверпене (1852), Мюнхене (1854). У пёравых ілюстрацыях да ўласных вершаў (кн. «Макс і Морыц», 1865; «Пліш і Плюм», 1882) з вялікай назіральнасцю і гумарам увасобіў тыпы ням. абывацеляў. У вершаваных сатырах «Жыціе св. Антонія Падуанскага» (1870), «Набожная Алена» (1872), «Патэр Філуцый» (1873) і інш. творах з ліберальных пазіцый крытыкаваў ням. рэчаіснасць, асабліва царкоўнікаў.

В.Буш. Аўтапартрэт. 1894.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)