Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ГІН Яўген Яўгенавіч
(н. 17.7.1932, г. Кастрама),
бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1957 на Мінскім з-дзе аўтам. ліній, з 1963 у навукова-вытв. аб’яднанні «ПЛАНАР», з 1973 яго ген. дырэктар. Навук. працы па дакладным машынабудаванні для мікраэлектронікі, асновах праектавання прэцызійнага тэхнал. абсталявання для вытв-сці інтэгральных схем. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Точное машиностроение для микроэлектроники. М., 1986;
Автоматическая сборка ИС: Технол. процесс. Оборудование. Управление. Техн. зрение. Привод: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з В.А.Зяньковічам, Л.Р.Бітно).
т. 1, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́Ў Ілья Міхайлавіч
(1.8.1922, г. Генічаск, Украіна — 16.5.1996),
бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1954). З 1955 на Мінскім аўтазаводзе. З 1961 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання (цяпер НВА «Планар»; з 1971 ген. дырэктар). З 1974 нам. старшыні СМ БССР. У 1982—94 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы і вынаходствы па тэхнал. абсталяванні для вытв-сці вырабаў электроннай тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Генераторы изображений в производстве интегральных микросхем. Мн., 1981 (разам з Я.А.Райхманам).
т. 5, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
В.У.Баранаў, А.П.Дастанка.
т. 4, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)