ПЕ́РШЫНГА ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,

узброеная інтэрвенцыя войск ЗША пад камандаваннем ген. Дж.​Дж.​Першынга ў Мексіцы ў 1916—17. Выклікана імкненнем ЗША паралізаваць Мексіканскую рэвалюцыю 1910—17 і абараніць інтарэсы амер. манаполій. У якасці падставы для інтэрвенцыі быў выкарыстаны напад мекс. атрада Ф.Вільі на амер. прыгранічны г. Калумбус. З вымушанай згоды прэзідэнта Мексікі В.​Карансы ЗША увялі ў мекс. штат Чыўаўа армію Першынга (12 тыс. чал.). Амер. войскі прасунуліся ў глыб Мексікі, але сустрэлі там моцнае супраціўленне партызан Вільі і мекс. рэгулярных войск. Узбр. адпор інтэрвенцыі ў выніку патрыят. ўздыму мексіканцаў, антыамер. выступленні ў многіх лац.-амер. краінах, а таксама падрыхтоўка ЗША да ўступлення ў 1-ю сусв. вайну прымусілі ўрад ЗША ў студз.пач. лют. 1917 вывесці свае войскі з Мексікі.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пе́ршынг

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. пе́ршынг пе́ршынгі
Р. пе́ршынга пе́ршынгаў
Д. пе́ршынгу пе́ршынгам
В. пе́ршынг пе́ршынгі
Т. пе́ршынгам пе́ршынгамі
М. пе́ршынгу пе́ршынгах

Крыніцы: nazounik2008, piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,

антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр. сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.​Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр. сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш. рэв. сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.​Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш. сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.

Літ.:

Лавров Н.М. Мексиканская революция 1910—1917 гг. М., 1972;

Knight A. The Mexican revolution. Vol. 1—2. Cambridge, 1986.

Н.​Р.​Кошалева.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)