Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЮ ПЕРАКСІ́Д,
неарганічнае пераксіднае злучэнне, моцны акісляльнік, Na2O2 Бясколернае крышт. рэчыва (тэхн. прадукт слаба-жоўтага колеру). Раствараецца ў вадзе. Пры награванні вышэй за 300 °C раскладаецца з вылучэннем кіслароду. Атрымліваюць акісленнем расплаву натрыю кіслародам ачышчанага ад вуглякіслага газу сухога паветра. Выкарыстоўваюць для рэгенерацыі паветра (Na2O2 + СО2 → Na2CO3 + 1/2 O2) У падводных лодках і дыхальных прыборах, водныя растворы — для адбельвання паперы, тканін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗАІ́ЛУ ПЕРАКСІ́Д, бензаілу перакіс (C6H5COO)2, мал. м. 242,23; бясколерныя крышталі, tпл 106—108 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1,334∙103кг/м³. Не раствараецца ў вадзе, дрэнна раствараецца ў спіртах, добра — у ацэтоне, бензоле, хларыраваных вуглевадародах. Выбухованебяспечны пры награванні і мех. уздзеянні. Выкарыстоўваецца як ініцыятар радыкальнай полімеразыцыі, ацвярджальнік поліэфірных смолаў, вулканізатар, адбельвальнік і дэзадарант для мукі, тлушчу і алею. Таксічны: выклікае апёкі скуры і слізістых абалонак, ГДК 5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКСІ́Д ВАДАРО́ДУ,
перакіс вадароду, хімічнае злучэнне вадароду з кіслародам; найпрасцейшае і найб. пашыранае неарган. пераксіднае злучэнне, H2O2. Атрыманы ў 1818 франц. хімікам Л.Ж.Тэнарам.
Вязкая бясколерная вадкасць (tпл -0,41 °C), шчыльн. 1450 кг/м³, tкіп 150,2 °C. Раствараецца ў вадзе (неабмежавана), этаноле, дыэтылавым эфіры; канцэнтраваныя водныя растворы выбухованебяспечныя. Пры награванні і пад уздзеяннем святла лёгка раскладаецца на ваду і кісларод. Утварае крышт. сальваты, якія выкарыстоўваюць як цвёрдыя носьбіты П.в. (напр., злучэнне з мачавінай CO(NH2)2 H2O2 — гідраперыт). Праяўляе ўласцівасці акісляльніку (акісляе, напр., нітраты, бензол) і аднаўляльніку. У прам-сці атрымліваюць у асн. акісленнем алкілантрагідрахінонаў паветрам. Выпускаюць пераважна ў выглядзе 30—90%-ных раствораў; 30%-ны раствор з дабаўкамі стабілізатараў (звычайна фасфатаў натрыю) наз.пергідролем. Выкарыстоўваюць для атрымання арган. і неарган. пераксідаў, адбельвання тлушчаў, тэкст. матэрыялаў, паперы і інш., дэзінфекцыі сцёкавых вод, як крыніцу кіслароду на падводных лодках і інш Выклікае апёкі скуры, слізістых абалонак і дыхальных шляхоў, ГДК 1,4 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛІЗ (ад радые... + грэч. lysis распад),
сукупнасць ператварэнняў, якія адбываюцца ў аб’екце (рэчыва, жывы арганізм) пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў. У выніку паглынання энергіі іанізавальнага выпрамянення рэчывам зыходныя хім. злучэнні раскладаюцца з утварэннем новых рэчываў, якія наз. прадуктамі Р. (напр., прадукты Р. метанолу — вадарод і этыленгліколь HOCH2CH2OH, прадукты Р. вады — вадарод і пераксід вадароду H2O2), адначасова адбываюцца інш.хім. і фіз. змяненні рэчыва. Гл. таксама Радыяцыйная хімія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕПТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, антысептыкі,
хімічныя рэчывы з процімікробным дзеяннем. Адрозніваюць антысептычныя сродкі з бактэрыястатычным (затрымліваюць рост і развіццё мікраарганізмаў) і бактэрыцыдным (знішчаюць мікраарганізмы) дзеяннем. Як антысептычныя сродкі ў медыцыне выкарыстоўваюцца для абеззаражвання ран, скуры, пры гнойна-запаленчых працэсах, для дэзінфекцыі ёд, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій, сулема, спірты, карболавая кіслата і інш.; для кансервавання прадуктаў — воцатная, бензойная, саліцылавая кіслоты; для захавання драўніны, скуры, пластмасы, тэкст. вырабаў — фторысты натрый, медны купарвас, антрацэнавае, сланцавае масла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКСІ́ДЫ АРГАНІ́ЧНЫЯ,
арганічныя пераксідныя злучэнні, у якіх пераксігрупа злучана з 2 атамамі вугляроду. Маюць агульную ф-лу ROOR′, дзе R,R′ — арган. радыкалы. Паводле прыроды радыкалаў адрозніваюць пераксіды алкілаў і аралкілаў, цыклічныя (напр., 1,2-дыаксетан і яго вытворныя), дыацылпераксіды (напр., бензаілу пераксід), пераксідныя вытворныя карбанільных злучэнняў, а таксама элементаарган. пераксіды, у якіх адзін ці абодва радыкалы далучаны да пераксігрулы праз гетэраатам (фосфару, серы, крэмнію і інш.).
Да арт.Пераксіды арганічныя: а — 1,2-дыаксетан; б — 1,2-дыаксетандыён.