Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,
механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.
Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.
Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.