Пачачуй, гл. Гемарой

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Пачачу́й ’хвароба капыта каня ад удару’ (паўн.-усх., КЭС). З рус. почечуй ’ранка’, якое Сабалеўскі (РФВ, 66, 347) выводзіць з потечуй < течь ’цячы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕМАРО́Й

(ад гема... + грэч. rheō цяку),

пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.

Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)