ПАРА́ТА ((Pareto) Вільфрэда) (15.7.1848, Парыж — 20.8.1923),
італьянскі эканаміст і сацыёлаг; адзін з прадстаўнікоў матэматычнай школы ў паліт. эканоміі. Скончыў Турынскі ун-т. У 1893—1906 праф. Лазанскага ун-та. Асн. палажэнні яго вучэння выкладзены ў 4-томным «Трактаце ўсеагульнай сацыялогіі» (1915—19). Лічыў грамадства сістэмай, якая знаходзіцца ў «дынамічнай раўнавазе» ў выніку ўзаемадзеяння інтарэсаў асобных сац. груп і слаёў. Паводле яго тэорыі эліт, у паліт. працэсе вылучаюцца 2 тыпы: «эліта львоў», якой уласцівы агрэсіўнасць, аўтарытарнасць, схільнасць да насілля, і «эліта ліс», якой уласцівы лавіраванне, спекуляцыі, падман; грамадства развіваецца шляхам перыяд. змены, цыркуляцыі эліт. Не адмаўляў ролю ідэалогіі ў грамадстве, але лічыў яе лжывай формай грамадскай свядомасці.
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)