падстолі

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧЫ,

шляхецкі род уласнага герба («Сыракомля» змененая) у ВКЛ. Паводле некаторых крыніц, заснавальнікам роду быў Вайніла (канец 14 ст.). Мелі зямельныя ўладанні ў Мазырскім (лінія савіцка-пузаўская, 17 ст.), Пінскім (лінія макранская, 19 ст.), Навагрудскім (лінія нянькаўская, 19 ст.) пав. Найб. вядомыя:

Траян, падчашы мсціслаўскі (1648); Леў Казімір, падчашы слонімскі (1648); Людвік, стольнік мазырскі (1661); Тамаш, сакратар каралеўскі, харужы ваўкавыскі, сеймавы пасол (1662); Габрыэль, староста літунскі (1667), стольнік навагрудскі; Станіслаў, мечнік лідскі; Крыштоф (1649—?), падчашы, стольнік мазырскі (1688); Францішак, падчашы мазырскі; Ян, падваявода навагрудскі; Павел, падчашы слонімскі; Себасцьян, стольнік мазырскі; Тамаш, падстолі навагрудскі; Стафан, падстолі слонімскі; Адам, канюшы навагрудскі, падкаморы, сеймавы пасол; Ян, падкаморы слуцкі; Антоні (1773—1885), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Тадэвуш (1804—78), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Мікалай, доктар тэалогіі; Юзаф, маршалак шляхты Навагрудскага пав.; Юзаф, маршалак шляхты Слуцкага пав. (1863—75); Ксаверый Эдвард (псеўд. Яцак Бурчымуха), паэт, перакладчык твораў А.С.Пушкіна на польск. мову; Антон Станіслававіч, гл. Вайніловіч А.С.; Восіп Мікалаевіч, гл. Вайніловіч В.М.; Эдвард Адам, гл. Вайніловіч Э.А.

Р.В.Баравы, Л.Л.Чарняўская.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎЦЫ,

шляхецкі род герба «Магіла» ў ВКЛ. Паходзяць ад смаленскага баярына Міцькі Быхаўца, сыны якога ў пач. 16 ст. замест страчаных зямель на Смаленшчыне атрымалі ад вял. кн. Жыгімонта І Старога маёнткі ў Дарсунішскай вол. і Трокскім пав. Найб. вядомыя Быхаўцы:

Людвік, ксёндз-бернардзінец, аўтар твораў рэліг.-павучальнага характару. Сакратар Літоўскай правінцыі бернардзінцаў, да 1747 прэзідэнт у Нясвіжскім канвенце ордэна, назіральнік ордэна францысканцаў у Віцебскім ваяв. (1760). Юзаф Уладзіслаў (1778—5.7.1845), філосаф. Скончыў Гал. школу ВКЛ у 1794, вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, Кёнігсберга. Вучань і перакладчык І.Канта. Удзельнік напалеонаўскіх войнаў на баку Францыі. Ян (каля 1732—?), дэп. Трыбунала ВКЛ (1797—1802), у 1802—32 суддзя слонімскіх земскага і межавога судоў. Юзаф, падстолі ваўкавыскі (1780), крайчы ВКЛ (1793). Адам Ян Віктар (23.12.1796—?), чл. ваўкавыскага апеляцыйнага суда. За ўдзел у паўстанні 1863—64 сасланы. Аляксандр, старшыня ваўкавыскага апеляцыйнага суда. У 1820-я г. ў яго б-цы захоўвалася Хроніка Быхаўца.

А.П.Госцеў.

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯБО́ВІЧЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Ляліва». Некат. даследчыкі выводзяць род ад Гедзіміна або ад маршалка літоўскага Манвіда. Найб. верагодна, што Глябовічы паходзяць ад баяр Смаленскай ці Полацкай зямлі. Валодалі г. Дуброўна, Заслаўе, маёнткамі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім, Навагрудскім пав., на Смаленшчыне, Віцебшчыне, у Польшчы. Першы дакладна вядомы прадстаўнік роду — смаленскі ваявода Глеб (15 ст.), які меў сыноў Станіслава, Пятра і Юрыя. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Станіслаў Глебавіч (?—1513), намеснік мерацкі (1492), віцебскі (1495), браслаўскі (1501), полацкі (1502), маршалак дворскі (1492—1511), ваявода полацкі (1505). Удзельнічаў у пасольствах у Маскву ў 1492, 1499, 1503, 1504, 1511. Пётр Глебавіч (?—пасля 1522), намеснік навагрудскі (1502), крэўскі (1511—22). Юрый Глебавіч (?—пасля 1520), намеснік смаленскі (1492—99), староста жамойцкі (1494), намеснік аршанскі і аболецкі (1500—01), віцебскі (1503—08), смаленскі (1508—14), староста мерацкі (1514), ваўкавыскі (1520). У 1506 у складзе пасольства ў Маскву. Мікалай Юр’евіч (?—1514), сын Юрыя Глебавіча, староста драгічынскі і слонімскі. У бітве на Вядрошы 1500 разам з К.Астрожскім трапіў у палон да рускіх, вярнуўся ў 1511. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 у 1513 узначальваў абарону Смаленска. Ян Юр’евіч (?—23.4.1549), сын Юрыя Глебавіча, маршалак гаспадарскі (1516—42), дзяржаўца мсціслаўскі (1527), ваявода віцебскі (1528), полацкі (1532), віленскі (1542), староста бабруйскі (1542), канцлер ВКЛ (1546). Быў прыхільнікам каралевы Боны і саюзу з Польшчай, пазней далучыўся да прыхільнікаў самастойнасці ВКЛ. Ян Янавіч (1544—90), сын Яна Юр’евіча, дзяржаўца упіцкі (1584), кашталян мінскі (1572), староста анікштынскі (1575), радашковіцкі (1576), падскарбі земскі і пісар ВКЛ (1580), кашталян трокскі (1585), ваявода трокскі (1586), староста упіцкі (1587). У Лівонскую вайну 1558—83 вызначыўся пры абароне Полацка ад войска Івана IV, трапіў у палон. Вярнуўшыся ўдзельнічаў у штурме Полацка, аблозе Пскова. Дзеяч Рэфармацыі. Мікалай Янавіч (? — 18.11.1632), сын Яна Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1605), ваявода смаленскі (1611), кашталян віленскі (1621). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, паходу на Маскву. Юрый Мікалаевіч (Ежы Кароль; — 18.4.1669), сын Мікалая Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1639), стольнік ВКЛ (1643), ваявода смаленскі (1643), староста жамойцкі (1653), ваявода віленскі (1668). Удзельнік перагавораў з Б.Хмяльніцкім і з Расіяй у 1659—66. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду.

Ю.А.Заяц.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІЯ,

княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:

Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл. Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял. кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДРО́ЙЦЫ,

княжацкі род гербаў «Кітаўрас» і «Ружа» ў ВКЛ. Паводле генеалагічнай легенды, род Гедройцаў паходзіў ад князя Гедруса, прадстаўніка дынастыі Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад Гедзімінавічамі. У гіст. крыніцах Гедройцы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1399, калі яны вялі судовую спрэчку з віленскім біскупам. У 1431—33 шэраг дзярж. актаў быў замацаваны подпісамі Гедройцаў поруч з подпісамі інш. прадстаўнікоў літ. знаці і князёў Войнуса, Гагуліса і Ягайлы. Родавай вотчынай Гедройцаў быў маёнтак Гедройцы ў Віленскім пав. У 15 ст. род Гедройцаў разгалінаваўся, а ў 16 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў, якія выходзілі на вайну асобнай харугвай. Многія Гедройцы ўпамінаюцца ў крыніцах без княжацкага тытула, што сведчыць пра здрабненне роду. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Матэвуш (Мацвей; каля 1500—63), сын Балтарамея (?—1524), у сярэдзіне 16 ст. дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі, намеснік віленскі. З 1562 у складзе Рады ВКЛ у якасці гаспадарскага маршалка. У 1528 разам з братам Крыштофам ставіў у войска 8 коннікаў. Мельхіёр (1536?—1609), сын Матэвуша, кусташ віленскага капітула, біскуп жамойцкі з 1574. Марцін (каля 1550—1621), сын Матэвуша, староста абельскі з 1586, вількамірскі з 1589, бельскі з 1616, ваявода мсціслаўскі з 1617. Юрый (?—1619), сын Пятра, падсудак вількамірскі з 1589 і суддзя земскі вількамірскі з 1607. Марцыян (?—1649), сын Уладзіслава, падстолі полацкі з 1613, падсудак віленскі з 1624 і суддзя земскі віленскі з 1647. Арнольф (? — пасля 1656), сын Януша, мечнік пінскі з 1641, чашнік пінскі ў 1650 і войскі пінскі ў 1656. Рамуальд Тадэвуш, гл. Р.Т.Гедройц.

В.Л.Насевіч.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛГУДЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Дзялоша». Упершыню згадваюцца ў канцы 16 ст. Найб. вядомыя:

Бальцар, родапачынальнік, у 1621 валодаў Гелгудзішкамі ў Расіенскім пав. Андрэй Казімір (?—1711), сын Бальцара. Каралеўскі сакратар, падстолі жмудскі (1668), пісар вял. літоўскі (1673). Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма. У час міжусобіц 2-й пал. 17 ст. прыхільнік караля Міхала Вішнявецкага, належаў да групоўкі канцлера ВКЛ К.Паца. Міхал, сын Антонія, дэпутат Трыбунала ВКЛ (1781), саветнік дэпартамента фінансаў Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай (1786), пісар польны літоўскі (1790). Прыхільнік Таргавіцкай канфедэрацыі, з чэрв. 1792 яе саветнік у Жмудзі. Маршалак дворны ВКЛ (апошні, ліп. 1793). Ігнацы (? — 13.5.1807), дэпутат Чатырохгадовага сейма 1788—92, ротмістр нац. кавалерыі і стражнік ВКЛ у 1789—93. Належаў да Згуртавання сяброў канстытуцыі 3 мая 1791. Удзельнік паўстання 1794, 24.4.1794 абраны ў Найвышэйшую Літоўскую раду. У 1806—07 удзельнічаў у арганізацыі польскіх узбр. фарміраванняў у складзе напалеонаўскага войска, камандаваў дывізіяй, генерал-лейтэнант. Антоні (1792—13.7.1831), сын Міхала, генерал. У 1812 уласным коштам сфарміраваў полк пяхоты і быў прызначаны яго камандзірам у чыне палкоўніка. Ваяваў у складзе корпуса Варшаўскага княства супраць рас. арміі ў 1812 і 1813. Служыў у арміі Каралеўства польскага, генерал брыгады (1818). Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. 25.2.1831 атрымаў чын генерала дывізіі. На чале дывізіі дзейнічаў у Жмудзі, падтрымліваючы атрад ген. Д.Хлапоўскага. 19.6.1831 часткай сваіх сіл няўдала атакаваў Вільню, пасля пацярпеў некалькі паражэнняў у Жмудзі. 13.7.1831 атрады Гелгуда і Хлапоўскага перайшлі граніцу з Прусіяй, дзе былі інтэрніраваны. Западозраны ў здрадзе, Гелгуд застрэлены капітанам С.Скульскім.

А.П.Грыцкевіч.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)