Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ІНВЕСТЫТУ́РА (ад лац. investio апранаю, надзяваю),
у сярэднія вякі ў Зах. Еўропе юрыд. акт перадачы зямельнага феода (лена), пасады, сана, які замацоўваў васальную залежнасць (гл.Васалітэт). Своеасаблівым яе відам была царкоўная І. — цырымонія зацвярджэння духоўнай асобы на пасаду і ўзвядзення ў сан епіскапа ці абата. Да канца 11 ст.царк. І. належала свецкай уладзе (у Англіі — каралю, у «Свяшчэннай Рым. імперыі» — імператару). У 11—12 ст. за права І. вялася барацьба паміж імператарамі «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ажыццяўлялі І. епіскапаў і абатаў з часоў Атона І) і рым. папамі, якія імкнуліся падначаліць свецкія ўлады і мець права І. Найб. напружанай была барацьба за І. ў Германіі; скончылася ў 1122 заключэннем кампраміснага Вормскага канкардату, які замацаваў права духоўнай І. за папам, а свецкай — за імператарам. У Францыі і Англіі спрэчкі па пытаннях І. скончыліся пагадненнем паміж каралямі і папам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРА-СУ́ЗДАЛЬСКАЕ КНЯ́СТВА, Уладзімірскае вялікае княства,
найбуйнейшая дзяржава Паўн.-Усх. Русі ў 10—14 ст. Сталіцы: гарады Растоў, Суздаль (з 1125), Уладзімір (з 1157). Да сярэдзіны 12 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, пры кн.Юрыю Далгарукім і яго нашчадках самаст.вял. княства. У 1238 спустошана манголамі, з сярэдзіны 13 ст. — васал Залатой Арды. Яе ханы прызначалі уладзімірскіх князёў, якія лічыліся старэйшымі ў Паўн.-Усх. Русі, часова падпарадкоўвалі сабе б.ч. былых чарнігаўскіх і смаленскія землі, імкнуліся падначаліць Наўгародскую і Пскоўскую феад. рэспублікі. Паступова Уладзімірскае вял. княства распалася на асобныя ўдзельныя княствы, з якіх найб. моцнымі былі Маскоўскае і Цвярское. Пасля працяглай барацьбы паміж імі ўладзімірскі велікакняжацкі прастол у 1327 канчаткова перайшоў да маскоўскіх князёў. У 1362 маскоўскі вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі абвясціў Уладзімірскае княства сваёй вотчынай і аб’яднаў яго з Маскоўскім вялікім княствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл.Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл.Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведземпадначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.