ПАДЛЕ́ЎСКІ ((Padlewski) Зыгмунт) (1.1.1836, с. Малая Чарняўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 15.5.1863),

польскі рэвалюцыянер. Скончыў Артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Уваходзіў у тайную рэв. арг-цыю, якую ўзначальвалі З.Серакоўскі і Я.Дамброўскі. Пасля ад’езду ў Парыж прымаў удзел у дзейнасці Т-ва польскай моладзі, пазней выкладаў у польскай ваен. школе ў Італіі. У 1862 вярнуўся на радзіму і прызначаны рэв. начальнікам Варшавы, увайшоў у склад Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве (ЦНК). У вер. і ліст. 1862 вёў перагаворы з А.​І.​Герцэнам, М.​П.​Агаровым і М.​А.​Бакуніным пра ўзаемадзеянне з рас. рэв. рухам. У снеж. 1862 ад імя ЦНК заключыў пагадненне з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. Выступаў за неадкладны пачатак паўстання. У час паўстання 1863—64 узначальваў паўстанцкія атрады ў Плоцкім ваяводстве. Арыштаваны рас. ўладамі і расстраляны.

Літ.:

Karbowski W. Zygmunt Padlewski. Warszawa, 1969.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Падлеўскі З. 5/130; 11/151, 253

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС, Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус,

з 1857 Аляксандраўскі кадэцкі корпус, сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да вайск. службы. Існаваў у 1842—63 у Брэсце. Засн. на сродкі казны, а таксама памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губ. Найменне «Аляксандраўскі» — у гонар Аляксандра II, будучага імператара, які ў 1849—55 быў гал. начальнікам (шэфам) кадэцкіх карпусоў Расіі. Размяшчаўся ў пераабсталяваным будынку бернардзінскага кляштара на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Разлічаны на 400 навучэнцаў (кадэтаў). На вучобу прымаліся дзеці дваран, штаб- і обер-афіцэраў ва ўзросце 9,5—11,5 года. Выкладаліся агульнаадук. прадметы за курс гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія вучылішчы. У сувязі з пачаткам Крымскай вайны 1853—56 і абвяшчэннем ваен. становішча ў Брэсцкай крэпасці Брэсцкі кадэцкі корпус у 1854 пераведзены ў Маскву, а ў 1860 — у Вільню, дзе ў 1863 у сувязі з рэформай ваенна-навуч. устаноў скасаваны. Многія з выхаванцаў корпуса пазней сталі дзеячамі рэв. руху ў Расіі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы, у т. л. П.​І.​Адамовіч, Я.​В.​Дамброўскі, Я.​Ф.​Кульчыцкі, Б.​В.​Люгайла, І.​А.​Падбельскі, З.​У.​Падлеўскі, Б.​С.​Паўловіч, Я.​А.​Пыдзеўскі, М.​В.​Сакалоў, А.​Г.​Стаброўскі, П.​Ф.​Уладычанскі і інш.

Ш.​І.​Бекцінееў, Н.​М.​Кірылава.

т. 3, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)