ПАВАРО́ЦІ (Pavarotti) Лучана (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),

італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.​Полы і Э.​Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.​Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.​Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.​Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).

Л.Павароці.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САН-КА́РЛА»

(Teatro San Carlo),

тэатр оперы і балета ў г. Неапаль (Італія). Адкрыты ў 1737. Будынак пабудаваны па праекце архітэктараў Дж.​А.​Медрана і А.​Карасале. У 18 ст. ставіліся оперы Л.​Леа, І.​Гасе, К.​В.​Глюка, Дж.​Паізіела, Д.​Чымарозы і інш. У 19 ст. прайшлі прэм’еры некат. опер Дж.​Расіні, Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Ж.​Бізэ, Ш.​Гуно, Дж.​Меербера, Р.​Вагнера і інш. У 20 ст. вял. месца ў рэпертуары займалі творы кампазітараў Італіі І.​Піцэці, Р.​Дзанданаі, Ф.​Альфана і інш., творы замежных кампазітараў Р.​Штрауса, А.​Анегера, І.​Стравінскага. У т-ры выступалі вядомыя спевакі І.​Кольбран, М.​Гарсія, Д.​Данцэлі, А.​Паці, Б.​Джыльі, Г.​Пазера, П.​Дамінга, М.​Кабалье, Р.​Кабайванская, Л.​Павароці, І.​Архіпава і інш.; салісты балета Ф.​Чэрыта, К.​Грызі, Л. дэ Ларэнца, А.​Вісконці, М.​Бардзін, Э.​Мацукелі, В.​Нардзі і інш. Сярод дырыжораў т-ра Дж.​Патане, Ж.​Прэтр, Дж.​Прытчард, М.​Росі, К.​Франчы і інш.

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)