Отчычы 7/482, 582; 10/167
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
О́ТЧЫЧЫ,
1) катэгорыя сялян у ВКЛ у 15—18 ст.; адна з асноўных паводле характару асабістай залежнасці ад феадалаў. 0. не мелі права пераходу ад аднаго феадала да другога і таму называліся яшчэ людзі «непахожыя» або «отчизные» людзі, г. зн. атрыманыя феадаламі ў спадчыну. У О. ператвараліся таксама людзі «пахожыя» і іх нашчадкі, якія пратэрмінавалі («заседали») 10-гадовы тэрмін даўнасці і не маглі заплаціць за выхад. Прыгоннае права феадалаў на О. заканадаўча аформлена прывілеем 1447, Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Феадалы маглі О. перадаваць у спадчыну, дарыць, закладваць і прадаваць з зямлёю і без зямлі.
2) Назва ў 15—16 ст. сялян і феадалаў ВКЛ, якія атрымлівалі ў спадчыну зямлю або маёнтак бацькі («отчину»).
Літ.:
Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв). Мн., 1993.
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 11, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА КАЛЯ́ СІ́НІХ ВО́Д 1362.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ і аб’яднаным войскам Крымскай, Перакопскай і Ямбалукскай ордаў на р. Сінія Воды (Сінюха; левы прыток Паўд. Буга). Бітва была гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўд.-зах. Русі. У 1362 вял. кн. ВКЛ Альгерд, выкарыстаўшы паляпшэнне адносін з Польшчай і крыжакамі, выступіў супраць ардынскага панавання ў міжрэччы Дняпра і Дуная. Яго войска было сабрана ў ВКЛ, папоўнена на Валыні і Кіеўшчыне. Восенню Альгерд з войскам рушыў з Кіева на зах. Падолле. Войска татар, якое ўзначалілі князі Кутлубуг, Качубей (Качыбей, Хачыбей) і Дзімітр — «отчычы і дзедзічы Падольскай зямлі», падзялялася на 3 часткі. Альгерд свае 6 палкоў паставіў у лінію глыбокай абароны ў некалькі радоў, што не давала магчымасці варожай конніцы зайсці ў тыл. Лёгка адбіўшы націск татар, войскі Альгерда нанеслі ўдары ў цэнтры фронту і па флангах. Пасля нядоўгага бою супраціўленне татар было зламана і яны ратаваліся ўцёкамі. У час пагоні быў захоплены абоз ардынцаў. Асабліва вызначыліся ў бітве ратнікі з Новагародка, якімі камандавалі князі Карыятавічы. У выніку перамогі ВКЛ пашырыла сваю тэр. да вусцяў Дняпра і Днястра, замацавала ў сваім складзе Чарнігава-Северскія землі, Падолле, Валынь, Кіеўшчыну. Пачалося вызваленне ўсх.-слав. зямель ад ардынскага панавання.
Г.М.Сагановіч.
т. 3, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)