О́РУЭЛ (Orwell) Джордж [сапр. Блэр
(Blair) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт. калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),
«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст. вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.
Тв.:
Бел. пер. — Ферма;
1984. Мн., 1992;
Рус. пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;
Проза отчаяния и надежды. Л., 1990.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 11, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ПСУІЧ (Ipswich),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі. Адм. ц. графства Суфалк. 119 тыс. ж. (1994). Порт у эстуарыі р. Оруэл (Паўночнае м.). Прам-сць: маш.-буд. (пераважна с.-г.), хім., паліграф., мэблевая, швейная, харчовая. Арх. помнікі 15—16 ст.
т. 7, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сць культ. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
А.І.Галаўнёў.
т. 10, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)