О́РДАС,

пустыннае плато на ПнЗ вял. лукавіны р. Хуанхэ ў Кітаі. На Пд пераходзіць у Лёсавае плато. Выш 1100—2500 м (на З да 3015 м). Пл. каля 95 тыс. км². Складзена пераважна з пясчанікаў. Паверхня ўяўляе сабой чаргаванне слаба расчлянёных узгоркападобных узвышшаў і паніжэнняў, у якіх салёныя азёры, саланчакі, месцамі забалочаныя. Каля ​1/2 тэр. ўкрыта бугрыстымі пяскамі. Клімат рэзка кантынентальны, умераны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 23 °C, ападкаў за год 100—150 мм на ПнЗ, 300—400 мм на ПдУ. Пустынная і паўпустынная расліннасць, сухія стэпы. Качавая жывёлагадоўля. Радовішчы каменнага вугалю, нафты, соды.

т. 11, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дыяс Ордас Г. 7/127

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СІ-СЯ, Заходняе Ся,

дзяржава, якая існавала ў канцы 10 — пач. 13 ст. на тэр. сучасных кіт. правінцый Ганьсу, Шэньсі і Нінся-Хуэйскага аўт. р-на. Створана народам мінья (тангуты), які ў 7—8 ст. прыйшоў з Тыбета і пасяліўся на плато Ордас як васал кіт. імперыі Тан. У 982 тангуцкі князь (ван) Цзіцянь пачаў паўстанне супраць імперыі Сун, якая ў 1006 фактычна прызнала незалежнасць С.-С. У 1038 правіцель Юань-хао [1032—48] прыняў тытул імператара (хуандзі), што паклала пачатак войнам з сунскім Кітаем, якія працягваліся аж да пач. 12 ст., калі Паўн. Кітай быў захоплены чжурчжэнамі. Перыяд адносна мірнага развіцця С.-С. ў 12 ст. — час найб. росквіту яго культуры. Шырокі ўжытак набыло своеасаблівае тангуцкае пісьмо, створанае ў сярэдзіне 11 ст. З пач. 13 ст. дзяржава вяла барацьбу з манголамі, знішчана імі ў 1227. Тангуцкае насельніцтва асімілявана кітайцамі, ісламізаваныя тангуты сталі асновай сучаснага кіт.-моўнага мусульм. насельніцтва Паўн.-Зах. Кітая.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)