О́РГІШ (Вячаслаў Пятровіч) (н. 28.11.1949, в. Маркаўшчына Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. філосаф і сацыёлаг. Д-р філас. н. (1992). Скончыў БДУ (1977). З 1985 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах філасофіі культуры, сацыялогіі рэлігіі, паліт. сацыялогіі, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да метадалогіі вывучэння філас. і культ.-гіст. аспектаў хрысц. светапогляду, станаўлення грамадз. супольнасці і бел. паліт. культуры як культуры паліт. кансэнсусу асн. сац. груп, дынамікі сац.-паліт. працэсаў і развіцця нац. самасвядомасці ва ўмовах дзярж. незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Античная философия и происхождение христианства. Мн., 1986;

Древняя Русь: Образование Киевского гос-ва и введение христианства. Мн., 1988;

Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн.. 1989 (у сааўт.);

Истоки христианства: культурно-ист. генезис. Мн., 1991;

Динамика социальных процессов в условиях государственной независимости Беларуси: Социол. анализ: Сб. науч. тр. Мн., 1999 (у сааўт.).

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТ ((Barth) Карл) (10.5.1886, г. Базель, Швейцарыя — 10.12.1968),

швейцарскі пратэстанцкі тэолаг, адзін з заснавальнікаў дыялектычнай тэалогіі. Ставіў задачу адраджэння евангелічнай традыцыі на аснове рэфарматарскіх ідэй М.​Лютэра і Ж.​Кальвіна. У працы «Пасланне апостала Паўла да рымлян» (1918; выкарыстаны ідэі С.​К’еркегора) боскае і чалавечае трактуе як несувымерныя велічыні: прадмет боскага адкрыцця і чалавечых ведаў розны, вера ёсць адважны скачок у няведанне. Сфарміраваныя ім прынцыпы пратэстанцкай неартадоксіі падтрымалі тэолагі Э.​Брунер, Р.​Бультман, Р.​Нібур, П.​Тыліх і інш. Прыхільнік хрысц. сацыялізму, натхніцель хрысц. супраціўлення фаш. рэжыму.

В.​П.​Оргіш.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКЕФА́ЛІЯ (ад аўта... + грэч. kephale галава),

аўтакефальная царква, у праваслаўі самастойная, арганізацыйна незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха царква. Першыя аўтакефальныя цэрквы ўзніклі ў 4 ст. ў працэсе адасаблення патрыярхій і мітраполій у правінцыях Візантыі (Александрыі, Антыёхіі, Палесціне). Сёння ў свеце існуе 15 аўтакефальных правасл. цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі). Аўтакефальныя цэрквы не маюць адзінага цэнтра і кіраўніка. Ні адзін з патрыярхаў не мае якіх-н. адм. пераваг у параўнанні з іншымі кіраўнікамі аўтакефаліі. Гл. таксама Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Епархія.

В.​П.​Оргіш.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАСТЭРЫЁРЫ І АПРЫЁРЫ (лац. a posteriori літар. з наступнага, a priori літар. з папярэдняга),

апастэрыёры — веды, атрыманыя з вопыту, апрыёры — веды, якія папярэднічаюць вопыту і атрыманы да і незалежна ад яго, першапачаткова ўласцівыя свядомасці. Супрацьпастаўленне апастэрыёры і апрыёры найбольш адлюстравана ў рацыяналізме новага часу (Дэкарт, Лейбніц), паводле якога існуюць усеагульныя і неабходныя ісціны, якія ў аснове адрозніваюцца ад выпадковых ісцін, набытых апастэрыёрным (вопытным) спосабам. Такое супрацьпастаўленне характэрна і для філасофіі Канта, які прызнаваў наяўнасць усеагульных і неабходных ісцін, лічыў крыніцай іх безумоўнасці (ападыктычнасці) апрыёрнасць. Кант прызнаваў апрыёрнымі толькі спосаб арганізацыі ведаў, іх форму, якая напаўняецца апастэрыёрным зместам, робіць магчымым існаванне ўсеагульных і неабходных тэарэт. сцвярджэнняў.

Літ.:

Кант И. Соч. Т. 3. М., 1964;

Швырев В.С. Теоретическое и эмпирическое в научном познании. М., 1978.

В.​П.​Оргіш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКУ́НІН (Міхаіл Аляксандравіч) (30.5.1814, в. Прамухіна Таржоцкага р-на Цвярской вобласці — 1.7.1876),

рускі сацыяліст-утапіст, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў анархізму. Атрымаў ваен. адукацыю. У 1840 выехаў за мяжу. Як прыхільнік стварэння агульнаслав. федэрацыі быў адным з арганізатараў Слав. з’езда 1848 у Празе. За ўдзел у рэвалюцыях 1848—49 у Еўропе саксонскім і аўстр. ваен. судом двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. У 1851 выдадзены рускім уладам. Адбываў пакаранне ў Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцях, ссылку ў Зах. Сібіры, адкуль уцёк за мяжу. У Лондане супрацоўнічаў з А.​Герцэнам і М.​Агаровым у «Колоколе». Падтрымаў паўстанне 1863—64, звязваючы з ім надзею на агульнаслав. паўстанне. У 1864 стварыў тайнае «Інтэрнацыянальнае брацтва», у 1868 — «Альянс сацыялістычнай дэмакратыі», які далучыўся да 1-га Інтэрнацыянала. З-за асабістага канфлікту з К.​Марксам і праграмна-тэарэт. разыходжанняў у 1872 выключаны з 1-га Інтэрнацыянала. Стварыў міжнар. анархісцкую арг-цыю, якая дзейнічала да 1878.

У сваіх філас. і грамадска-паліт. поглядах эвалюцыяніраваў ад гегельянства да радыкальнага анархізму, анархісцкую ідэю свабоды асобы аб’яднаў з ідэяй калект. уласнасці. Бакунін прыкметна паўплываў на народніцкі рух, быў прыхільнікам ідэі сял. бунту. Анархісцкая тэорыя Бакуніна канчаткова склалася да канца 1860-х г. У поглядах на прыроду прытрымліваўся матэрыялізму, імкнуўся сфармуляваць вучэнне пра грамадства ў духу прудонаўскай ідэі знішчэння дзяржавы. Аўтар прац «Аб філасофіі» (1840), «Навука і надзённая рэвалюцыйная справа» (1870), «Бізунова-германская імперыя і сацыяльная рэвалюцыя» (1871), «Дзяржаўнасць і анархія» (1873) і інш.

Тв.:

Собр. соч. и писем. Т. 1—4. М., 1934—35.

В.​П.​Оргіш.

М.А.Бакунін.

т. 2, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)