Ольса (р.) 2/48 (к.), 189, 528, 530 (к.); 4/311, 478; 5/582 (к.); 6/29, 30 (к.), 544; 7/559, 567; 10/139, 506

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км². Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БКА, Дулеба,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 152 км². Пачынаецца за 3,7 км на Пн ад в. Ягадка. Цячэ пераважна па забалочаным лесе. Рэчышча каналізаванае на працягу 12 км.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́КА,

пасёлак ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Ольса, на аўтадарозе Беразіно—Клічаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 10 км на Пн ад г.п. Клічаў, 101 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Стаялава. 132 ж., 50 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСЕ́ТА,

рака ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 346 км². Пачынаецца за 1 км на ПнЗ ад в. Куцін, вусце ў в. Бацэвічы. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—12 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ольс Нізінны альховы лес (Жучк. 1968).

р. Ольса, л. пр. Бярэзіпы.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д МЕТАЛІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны ў 1932 у Магілёве як арцель-металакамбінат прамкааперацыі па вытв-сці метал. посуду і чыгуналіцейных вырабаў шырокага ўжытку. Арцель складалася з цэхаў: ліцейнага, метызнага, дахавазагатовачнага, рамонтна-мех. і па вырабе канькоў. З 1965 ложкавы з-д, з 1971 з-д тэхн. аснасткі, з 1981 з-д металавырабаў (у склад яго ўвайшоў Клімавіцкі з-д металавырабаў). З 1993 ВА «Ольса». Асн. прадукцыя (1999): мэбля (на аснове металапрофіляў з палімерным пакрыццём) для адпачынку, навуч. і мед. устаноў і інш.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол. ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былі нар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУЛЕ́БЫ,

аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.​В.​Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.​І.​Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).

Літ.:

Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ЧАЎ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Ольса. За 91 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Нясета на лініі Магілёў—Асіповічы. 8,6 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 1592 як в. Клічава Віцебскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1798 сяло ў Любашанскім старостве Аршанскага пав.; 20 гаспадарак, дзярж. ўласнасць. У 19 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ., дзейнічалі школа, млын, царква. У 1897 у К. 608 ж., праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1901 заснаваны Клічаўскі шклозавод. З 1924 мястэчка, цэнтр Клічаўскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 504 чал. 20.3.1942 К. вызвалілі партызаны, была створана Клічаўская партызанская зона. У 1943 партызаны зноў разграмілі ў К. адноўлены гарнізон ворага (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943). Каля К. існаваў першы ў Беларусі партыз. аэрадром. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 3-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 у Магілёўскай абл. У 1962—65 уваходзіў у Кіраўскі р-н. У 1972—5,3 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр., лесанарыхтоўчай, харч. прам-сці. Магілёўскі саўгас-тэхнікум, 2 сярэднія школы, вячэрняя, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Клічаўскі краязнаўчы музей лесу. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан, ахвяр фашызму, магілы ахвяр фашызму. Курган Славы. Помнік партызанам.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)