окисле́ние хим. акісле́нне, -ння ср.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

акісле́нне ср., хим. окисле́ние

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЛІН (Дзмітрый Рыгоравіч) (н. 7.3.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі палімераў. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1992). Скончыў Гомельскі ун-т (1969), дзе і працуе з 1978 (з 1997 прарэктар). Навук. працы па ўзаемадзеянні палімераў з металамі, кіраванні адгезійнай трываласцю і стабільнасцю палімераў. Устанавіў з’яву пераносу металаў пры акісляльна-вулканізацыйных ператварэннях палімераў, распрацаваў новыя метады атрымання маш.-буд. матэрыялаў на аснове тэрмапластаў і эластамераў.

Тв.:

Математические методы решения физических задач. Мн., 1991 (у сааўт.);

Окисление и вулканизация каучуков и резин в контакте с металлами. Гомель, 1996 (разам з І.​М.​Елісеевай).

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБУНО́Ў (Уладзімір Архіпавіч) (н. 16.3.1939, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі.

Акад. Нац. АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1980), д-р тэхн. навук (1975), праф. (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1961). З 1966 у Мінскім радыётэхн. ін-це, адначасова ў 1987—89 акад.-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі АН Беларусі. З 1994 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія. Навук. працы ў галіне ўзаемадзеяння зараджаных часціц і аптычнага выпрамянення з цвёрдым целам. Распрацаваў тэхнал. асновы стварэння паўправадніковых і гібрыдных інтэгральных схем. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Окисление металлов и полупроводников в низкотемпературной кислородной плазме (разам з В.​П.​Пархуцікам) // Обзоры по электронной технике. Сер. Микроэлектроника. 1978. Вып. 1;

Формирование силицидов импульсной термообработкой пленочных структур (у сааўт.) // Зарубежная электронная техника. 1985. № 8.

У.А.Лабуноў.

т. 9, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЕ БІЯЛАГІ́ЧНАЕ,

біяхімічны працэс, сукупнасць акісляльна-аднаўляльных рэакцый. Адбываецца ва ўсіх жывых клетках (пераважна ў мітахондрыях), складае аснову тканкавага дыхання і браджэння. Асн. функцыя акіслення біялагічнага — забеспячэнне арганізма энергіяй, якая паступова вызваляецца з арган. рэчываў пры перадачы аднаўляльных эквівалентаў (АЭ) — пратонаў і электронаў (ці толькі электронаў) ад донара да акцэптара (з прычыны рознасці іх акісляльна-аднаўляльных патэнцыялаў) і назапашваецца пераважна ў форме багатых энергіяй сувязяў адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ) і інш. макраэргічных злучэнняў. У аэробаў (большасць жывёл і раслін, многія мікраарганізмы) канчатковы акцэптар АЭ — кісларод. Пастаўшчыкі АЭ — арган. і неарган. рэчывы. Найб. значэнне мае акісленне біялагічнае, якое адбываецца пры гліколізе, акісленні α-кетаглутаравай к-ты і пры пераносе АЭ у ланцугу акісляльных (дыхальных) ферментаў (гл. Акісляльнае фасфарыліраванне). У разліку на 1 малекулу глюкозы гліколіз дае 2, акісляльнае фасфарыліраванне ў дыхальным ланцугу — 34 малекулы АТФ. У працэсе дыхання адбываецца паслядоўнае многаступеньчатае акісленне вугляводаў, тлушчаў і бялкоў, што прыводзіць да аднаўлення асн. пастаўшчыкоў АЭ для дыхальнага ланцуга, якое ў значнай ступені ажыццяўляецца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Мяркуюць, што гліколіз, цыкл трыкарбонавых кіслот і дыхальны ланцуг функцыянуюць у клетках усіх эўкарыётаў. Рэакцыі акіслення біялагічнага ў клетках каталізуюць аксідарэдуктазы. Акісляльныя рэакцыі, аднак, не заўсёды суправаджаюцца назапашваннем энергіі. Яны таксама нясуць функцыі пераўтварэння рэчываў (напр., пры ўтварэнні жоўцевых к-т, стэроідных гармонаў, на шляхах метабалізму амінакіслот і інш.). Акісленнем абясшкоджваюцца многія чужародныя і таксічныя для арганізма рэчывы (араматычныя злучэнні, недаакісленыя прадукты дыхання і інш.). Такое акісленне біялагічнае наз. свабодным акісленнем і суправаджаецца ўтварэннем цяпла. Мяркуюць, што сістэма пераносу электронаў, якая ажыццяўляе акісляльнае фасфарыліраванне, здольная пераключацца на свабоднае акісленне пры павелічэнні патрэбнасці ў цяпле.

Вывучэнне працэсаў акіслення ў арганізме пачалося ў 18 ст. з прац А.​Лавуазье. Вял. заслуга ў даследаванні акіслення біялагічнага належыць У.І.Паладзіну (разглядаў акісленне біялагічнае як ферментацыйны працэс). Значны ўклад зрабілі таксама сав. вучоныя А.​М.​Бах, У.​А.​Энгельгарт, У.​А.​Беліцэр, С.​Я.​Севярын, У.​П.​Скулачоў, ням. О.​Варбург, Г.​Віланд, англ. Д.​Кейлін, Х.​Крэбс, П.​Мітчэл, амер. Д.​Грын, А.​Ленінджэр, Б.​Чанс, Э.​Рэкер і інш. (лакалізацыя акіслення біялагічнага ў клетцы, сувязь з інш. працэсамі абмену рэчываў, механізмы ферментацыйных акісляльна-аднаўляльных рэакцый, акумуляцыя і пераўтварэнне энергіі і інш.). Гл. таксама Біяэнергетыка.

На Беларусі розныя аспекты акіслення біялагічнага вывучаюць у ін-тах біяарганічнай хіміі, фотабіялогіі, фізіялогіі, біяхіміі (Гродна) АН, БДУ.

Літ.:

Кривобокова С.С. Биологическое окисление: Ист. очерк М., 1971;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Строев Е.А. Биологическая химия. М., 1986;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.

М.​М.​Філімонаў.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)