НІ́КІШ ((Nikisch) Артур) (12.10.1855, Лебеньі-Сент-Міклаш, Венгрыя —23.1.1922),

венгерскі дырыжор, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1866—73). З 1874 скрыпач венскага прыдворнага аркестра. З 1878 другі дырыжор і хормайстар, у 1882—89 гал. дырыжор опернага т-ра, у 1902—07 выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. Кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1889—93), аркестрам Гевандхаўза (з 1895), адначасова Берлінскім і Гамбургскім філарманічнымі аркестрамі, Оперным т-рам у Будапешце (1893—95) і інш. Дырыжыраваў на памяць. Яго творчасць вызначалася моцным тэмпераментам, вял. свабодай і адначасова строгасцю і дакладнасцю ў апрацоўцы дэталей. Адыграў, вял. ролю ў прапагандзе творчасці П.​Чайкоўскага ў Еўропе і Амерыцы. У рэпертуары таксама творы Л.​Бетховена, А.​Брукнера, Г.​Малера, М.​Рэгера, Р.​Штрауса, Р.​Шумана, Ф.​Ліста, Р.​Вагнера, І.​Брамса. Аўтар кантаты, арк. твораў, стр. квартэта і інш.

Літ.:

А.​Никиш и русская музыкальная культура. Л., 1975.

Л.​А.​Сівалобчык.

А.Нікіш.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нікіш А. 3/22

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (Berliner Philarmoniker),

нямецкі сімфанічны аркестр. Засн. ў 1882 у Берліне. Яго папярэднікам быў прафес. аркестр, арганізаваны Б.​Більзе (1867, Більзенская капэла). З 1882 па ініцыятыве канцэртнага агенцтва Вольф праводзіліся т.зв. Вял. філарманічныя канцэрты, якія набылі прызнанне і папулярнасць. Сярод дырыжораў: Ф.​Вюльнер, І.​Іоахім, К.​Кліндворт (1882—85), Г.​Бюлаў (1887—93), А.​Нікіш (1895—1922) і В.​Фуртвенглер (да 1945 і ў 1947—54), пад кіраўніцтвам якіх аркестр набыў сусв. вядомасць, Ю.​Прувер, Б.​Вальтэр, С.​Чэлібідаке. З 1955 гал. дырыжор Г.Караян, з 1989 — К.Абада. З аркестрам выступаюць сусветна вядомыя дырыжоры, салісты, хар. ансамблі.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР Санкт-Пецярбургскай філармоніі імя Дз.​Шастаковіча,

старэйшы ў Расіі сімф. аркестр. Засл. калектыў Расіі (1934). Засн. ў 1882 як Прыдворны музыканцкі хор у Пецярбургу (з 1897 Прыдворны аркестр, які складаўся з 2 аркестраў: сімф. і духавога). З 1917 Дзярж. сімф. аркестр, з 1921 у складзе С.-Пецярбургскай філармоніі. Сярод дырыжораў, якія зрабілі значны ўклад у станаўленне аркестра, А.​Нікіш, С.​Кусявіцкі, Э.​Купер, В.​Бярдзяеў, М.​Малько, А.​Гаўк, Ф.​Штыдры, Я.​Мравінскі, Ю.​Цемірканаў і інш. Ігра аркестра адметная стройнасцю і шматтэмбравасцю гучання асобных аркестравых груп, віртуознай ансамблевай сыгранасцю, глыбінёй і незвычайнасцю трактоўкі выконваемых твораў. У рэпертуары ўвесь залаты фонд сусветнага сімфанізму ад твораў Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, Дз.​Шастаковіча да найскладанейшых партытур Г.​Берліёза, Г.​Малера, а таксама твораў Я.​Сібеліуса, А.​Рэспігі, Б.​Баргака, П.​Хіцдэміта, Д.​Міё, К.​Шыманоўскага, І.​Стравінскага. З аркестрам выступалі вядомыя дырыжоры і выканаўцы.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЫЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. diriger напраўляць, кіраваць),

кіраванне калектывам музыкантаў (аркестрам, хорам, ансамблем, опернай ці балетнай трупай і інш.) у працэсе падрыхтоўкі і ў час публічнага выканання ім муз. твора; адзін з відаў музычна-выканальніцкага мастацтва. Здзяйсняецца дырыжорам, які імкнецца перадаць калектыву сваю інтэрпрэтацыю задумы кампазітара, забяспечвае ансамблевую стройнасць і тэхн. дасканаласць выканання пры ўзнаўленні тэксту партытуры. Мастацтва Д. заснавана на спец. сістэме жэстаў рук; вял. ролю ў ім адыгрываюць таксама твар дырыжора, яго позірк, міміка. Значнае месца займае ў Д. тактаванне — абазначэнне (пераважна правай рукой) метрарытмічнай структуры музыкі; левай рукой звычайна даюцца ўказанні ў сферы дынамікі, фразіроўкі (у практыцы, аднак, пашырана свабоднае ўзаемапранікненне функцый абедзвюх рук). Д. патрабуе ад дырыжора шырокай адукаванасці, грунтоўнай муз.-тэарэт. падрыхтоўкі, тонкага слыху, добрай муз. памяці, актыўнай мэтанакіраванай волі.

Д. вядома з глыбокай старажытнасці. Напачатку ў нар.-хар. практыцы функцыі дырыжора выконваў адзін са спевакоў — запявала. У старажытнасці ў Егіпце, Грэцыі, пазней у краінах сярэдневяковай Еўропы хорам кіравалі з дапамогай хейраноміі — умоўных рухаў рук і пальцаў. З 15 ст. для адбівання такта выкарыстоўвалі палачку-батуту. У капэлах звычайна капельмайстры спалучалі Д. з выкананнем партыі генерал-баса (на клавесіне ці аргане) ці 1-й скрыпкі. З 2-й пал. 18 ст, па меры адмірання генерал-баса, скрыпач-канцэртмайстар становіцца адзіным кіраўніком ансамбля (у 20 ст. — пры выкананні музыкі 17—18 ст). Як самаст. від мастацтва Д. склалася ў 2-й чвэрці 19 ст. Сярод першых дырыжораў, што карысталіся дырыжорскай палачкай, І.​Мозель, К.​М.​Вебер, Л.​Шпор. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Д. (побач з Л.​Бетховенам, Г.​Берліёзам, Ф.​Лістам, Ф.​Мендэльсонам) — Р.​Вагнер. Паступова склаўся тып дырыжора-выканаўцы, які не з’яўляецца адначасова і кампазітарам (першы — Г.​Бюлаў). Сярод буйнейшых замежных дырыжораў 19—20 ст. Г.​Рыхтэр, Г.​Малер, Г. фон Караян (Аўстрыя), А.​Нікіш, Я.​Ферэнчык (Венгрыя), Ф.​Мотль, Ф.​Вейнгартнер, К.​Мук, Р.​Штраус, Б.​Вальтэр, В.​Фуртвенглер, О.​Клемперэр, Г.​Абендрот, К.​Мазур, К.​Зандэрлінг (Германія), А.​Тасканіні, К.​Абада (Італія), П.​Манцё, Ш.​Мюнш, А.​Клюітэнс, І.​Маркевіч (Францыя), Т.​Бічэм, А.​Боўлт, А.​Коўтс (Вялікабрытанія), В.​Бярдзяеў, Г.​Фітэльберг (Польшча), В.​Менгельберг (Нідэрланды), Л.​Стакоўскі, Дж.​Сел, Л.​Бернстайн (ЗША), Э.​Ансермэ (Швейцарыя), Д.​Мітропулас (Грэцыя), В.​Таліх (Чэхія, Славакія), Л.​Матачыч (Югаславія), Дж.​Джарджэску (Румынія). У Расіі найб. вядомыя дырыжоры 18—2-й пал. 19 ст. — В.​Пашкевіч, І.​Хандошкін, М.​Балакіраў, Э.​Напраўнік, А. і М.​Рубінштэйны, 20 ст. — М.​Галаванаў, С.​Кусявіцкі, А.​Пазоўскі, С.​Рахманінаў, С.​Самасуд, В.​Сафонаў, В.​Сук, пазней А.​Гаўк, В.​Гергіеў, В.​Дударава, І.​Зак, К.​Іваноў, К.​Кандрашын, Д.​Кахідзе, Дз.​Кітаенка, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, І.​Мусін, Н.​Ніязі, Г.​Раждзественскі, Н.​Рахлін, Я.​Свягланаў, Ю.​Сіманаў, К.​Сімяонаў, У.​Співакоў, Ю.​Фаер, У.​Федасееў, Б.​Хайкін, Ю.​Цемірканаў, А.​Янсанс і інш. На Беларусі ў 19 ст. вылучыліся І.​Дабравольскі, Ю.​Дашчынскі, браты В. і Д.​Стафановічы, у 20 ст. — хар. дырыжоры М.​Дрынеўскі, А.​Кагадзееў, Н.​Ламановіч, І.​Мацюхоў, Г.​Пятроў, В.​Роўда, Г.​Цітовіч, Р.​Шырма, Л.​Яфімава, нар. аркестра — І.​Жыновіч, Дз.​Захар, М.​Казінец, оперна-сімф. — І.​Абраміс, А.​Анісімаў, Б.​Афанасьеў, Я.​Вашчак, І.​Гітгарц, Н.​Грубін, В.​Дуброўскі, Т.​Каламійцава, М.​Калядка, Л.​Любімаў, Л.​Лях, У.​Машэнскі, Г.​Праватораў, Ю.​Цырук, А.​Энгельбрэхт, Ю.​Яфімаў, эстр. аркестра — Ю.​Бяльзацкі, Б.​Райскі, Э.​Рознер, М.​Фінберг і інш. Харавых і оперна-сімф. дырыжораў рыхтуе Бел. акадэмія музыкі, Бел. ун-т культуры.

Літ.:

Вагнер Р. О дирижировании: Пер. с нем. СПб., 1900;

Ольхов К.А. Теоретические основы дирижерской техники. 2 изд. Л., 1984;

Хайкин Б. Беседы о дирижерском ремесле. М., 1984;

Когадеев А.П. Техника хорового дирижирования. Мн., 1968.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 6, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)