НІЖЫ́НСКАЯ (Браніслава Фамінічна) (8.1.1891, Мінск —22.2.1972),
расійская танцоўшчыца, балетмайстар, педагог; адзін з рэфарматараў харэаграфіі 20 ст. Сястра В.Ф.Ніжынскага. Скончыла Пецярбургскую тэатр. школу (1908). У 1908—11 у Марыінскім т-ры. У 1909—13 выступала ў спектаклях Рускіх сезонаў за мяжой; партыі Матылёк («Карнавал» на муз. Р.Шумана), Вулічная танцоўшчыца («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. З 1915 выступала і выкладала ў Кіеве. У 1921—24 танцоўшчыца, балетмайстар і рэж. трупы Рускі балет Дзягілева. Ў 1938 засн. балетную школу ў Лос-Анджэлесе, з 1952 кіравала школай «Бале тыэтр» (Нью-Йорк). Да 1966 працавала ў т-рах і трупах свету. Сярод пастановак: «Байка пра Лісу...» (1922), «Вяселейка» (1923), «Пацалунак феі» (1928) Стравінскага, «Лані» Ф.Пуленка і «Блакітны экспрэс» Д.Міё (1924), «Эцюды» на муз. І.С.Баха і «Варыяцыі» на муз. Л.Бетховена (1932), «Гамлет» на муз. Ф.Ліста (1934, і гал. роля). Сярод вучняў А.Кент, С.Ліфар. Аўтар кн. «Школа руху: тэорыя харэаграфіі» (1920), «Танцавальная спадчына» (выд. 1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ГІЛЕЎ (Сяргей Паўлавіч) (31.3.1872, б. маёнтак Грузіна, Наўгародская вобл., Расія — 19.8.1929),
рускі тэатральны і мастацкі дзеяч. У 1896 скончыў юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та, адначасова вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі ў М.Рымскага-Корсакава. Вывучаў жывапіс, т-р, гісторыю маст. стыляў. Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Свет мастацтва» і рэдактар (разам з А.Бенуа) аднайм. часопіса (1899—1904). У 1906—07 арганізоўваў у Парыжы, Берліне, Монтэ-Карла, Венецыі выстаўкі рус. мастакоў, з 1907 — штогадовыя выступленні за мяжой рус. артыстаў, т.зв. «Рускія сезоны», у 1907 — сімф. канцэрты (наз. «Гістарычныя рус. канцэрты»), у 1908 — сезоны рус. оперы. Стваральнік трупы «Рускі балет Дзягілева» (1911—29). У балеце як правадніку новых ідэй мастацтва бачыў сінтэз сучаснай музыкі, жывапісу, харэаграфіі; садзейнічаў стварэнню яркіх балетных спектакляў (у т. л. балеты «Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна свяшчэнная», «Вяселейка», «Апалон Мусагет» І.Стравінскага, «Стальны скок», «Блудны сын» С.Пракоф’ева, а таксама К.Дэбюсі, М.Равеля, кампазітараў «Шасцёркі» і інш.). Для афармлення спектакляў запрашаў найб. вядомых рас. мастакоў. Балеты ставілі М.Фокін, В.Ніжынскі, Л.Мясін, Б.Ніжынская, Дж.Баланчын і інш.; сярод танцоўшчыкаў Т.Карсавіна, М.Кшасінская.
М.Мордкін, Г.Паўлава і інш. Тэатральныя антрэпрызы Дз. зрабілі вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі.
Літ.:
Красовская В.М. Русский балетный театр начала XX в. [Ч.] 1. Хореографы. Л., 1971;
Сергей Дягилев и русское искусство: Ст., открытые письма. интервью. Переписка. Современники о Дягилеве. (Т.] 1—2. М., 1982;